Скрын відэа, створанага да Тыдня беларускай культуры. 2021 год.
Чатыры гады таму Беларуская Рада культуры стала ініцыятарам акцыі Дні беларускай культуры. Іх кульмінацыяй была прапанавана дата 7 ліпеня — дзень, калі нарадзіліся Янка Купала, Ян Чачот і Марк Шагал, а таксама калі беларусы святкуюць Купалле.
Сёння беларусы ладзяць розныя імпрэзы беларускай культуры па ўсім свеце. Святкаванні Купалля праходзяць на ўзбярэжжы акіяна ў Амерыцы, на березе рэк у Еўропе, у лясах Бразіліі і Беларусі. Гэта значыць, што ідэя, ініцыяваная арганізацыяй, «пайшла ў народ».
«Мы ўсцешаныя, што Дні беларускай культуры, запачаткаваныя і спланаваныя як акцыя, ператварыліся ў сапраўднае жывое беларускае свята. Як у нашай традыцыі, на гэтых імпрэзах няма сцэны і выступоўцаў, няма падзелу на «артыстаў» і «публіку», ёсць толькі дзея і агульная радасць ад далучанасці да вялікай прыгожай справы, — віншуе беларусаў каманда Беларуская Рады культуры. — Дзякуючы вам, нашай супольнасці стваральнікаў і стваральніц, руплівых захавальнікаў і захавальніц, аматараў і аматарак, голас беларускай культуры чуць далёка за межамі Беларусі. Дзякуючы вам яна жыве, развіваецца, яднае беларусаў і беларусак ва ўсім свеце і спрыяе новым сяброўствам».
«7 ліпеня – унікальны і светлы дзень у беларускім календары, бо ў ім сутыкаюцца і народзіны адразу трох знакавых для Беларусі постацяў, і свята Купалле. Чым не нагода гэтым скарыстацца і «расказаць Беларусь» – сабе і сваім дзеткам, свайму атачэнню, усяму свету», — кажа кіраўнік інстытуцыі Сяргей Будкін пра Сусветны дзень беларускай культуры.
Нагадаем, што Беларуская Рада культуры прапанавала шырока святкаваць Дні беларускай культуры ў 2021 годзе. Першапачаткова акцыя бачылася як Тыдзень беларускай паэзіі, песні, супольнасцяў і традыцый. За тры гады ініцыятыва паяднала сотні падзей у 16 краінах. У 2024 годзе арганізацыя адмовілася каардынаваць фэст, прапанаваўшы беларусам падхапіць праект, самім зладзіўшы падзеі вакол нацыянальных святаў і памятных дат.
Слоганам глабальнай кампаніі #ByCultureGlobal з’яўляюцца словы «Расказаць Беларусь» (Speak Belarus).
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram