«А хто там ідзе?»: Міжнародны тыдзень беларускай культуры распачынаецца ўжо заўтра — 5 ліпеня

Акцыя, ініцыятарам якой выступае Беларуская Рада культуры, прымеркавана да «новага свята для новай Беларусі» — Міжнароднага дня беларускай культуры, традыцыя адзначаць які прапаноўваецца 7 ліпеня.

На гэты момант беларускага Дня культуры, а тым больш міжнароднага — няма. Мы прапаноўваем гэта змяніць і ўшанаваць той унёсак, які наш народ зрабіў у сусветную культуру, — агучыла свае меркаванне і прапанову арганізацыя. — 7 ліпеня — дзень, калі мы адзначаем дні народзінаў Янкі Купалы, Марка Шагала, Яна Чачота — культурных дзеячаў Беларусі, вядомых далёка за яе межамі. Таксама ў ноч з 6 на 7 ліпеня шмат хто ў Беларусі адзначае Купалле, свята кахання і свабоды, — патлумачыла Беларуская Рада культуры і выбар даты для падзеі.

Але паколькі «беларуская культура ў адзін дзень не змесціцца», натуральна ўзнікла ідэя святкавання цэлага Міжнароднага тыдня беларускай культуры — з 5 па 11 ліпеня. «Беларуская культура — вартая сусветная ўвагі!», — падкрэсліваюць ініцыятары акцыі, заклікаючы далучацца да яе беларусаў з усяго свету.

Нагадаем, што ініцыятыву БРК супольна падтрымалі Офіс Святланы Ціханоўскай, НАУ Паўла Латушкі і Каардынацыйны савет.

У якасці прыгожага жэста салідарнасці ў межах Тыдня Беларуская Рада культуры прапаноўвае чытанне слыннага верша Янкі Купалы «А хто там ідзе?».

На адмысловай старонцы мерапрыемства ў сеціве размешчаны пераклады слыннага твору беларускага класіка на 36 моваў свету, каб далучыцца да акцыі здолеў кожны ахвотны.

Прачытайце гэты кароткі і такі магутны верш і апублікуйце запіс з гэштэгам #by_culture, — звяртаюцца за суайчыннікаў сябры арганізацыі.

«Імпрэзы будуць ладзіцца цягам усяго тыдня ў Беларусі і за яе межамі, анлайн і офлайн», — абяцаюць яны і прапануюць шэраг крокаў, якім чынам беларусы могуць адзначыць Міжнародны дзень беларускай культуры.

У анонсе, у прыватнасці, сказана, што «мы рыхтуем для вас цэлы плэйліст з караоке-версіямі самых культавых гітоў».

Святкуйце Купалле, запускайце феерверкі, намалюйце ўласную папараць-кветку і загадайце галоўнае жаданне!, — дзеляцца ідэямі сябры Рады.

Сёння на сваёй старонцы ў Facebook БРК размесціла ролік, у якім вядомыя культурныя дзеячы запрашаюць далучыцца да новай акцыі. «Культура мацней за дыктатуру», — так гучыць лозунг кампаніі.

Мяркуем, што праграму святкавання Міжнароднага дня беларускай культуры ў розных гарадах свету мы ўбачым неўзабаве.

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!