Беларуская Рада культуры нагадала пра кампанію #art_born_Belarus, прызваную прасоўваць месца паходжання славутых мастакоў з Беларусі

У лютым 2023 года Беларуская Рада культуры распачала кампанію #art_born_Belarus, створаную дзеля таго, каб давесці ўсяму свету прыналежнасць да Беларусі славутых мастакоў. Сёння беларуская праваабарончая арганізацыя нагадала пра плён кампаніі і неабходнасць далейшага яе працягу. «Калі мы, беларусы, не прасоўваем нашых дзеячаў, за нас гэта зробяць іншыя. Дзеячаў назавуць «рускімі», «французскімі», «польскімі», але не беларускімі», — падкрэсліла Рада культуры, зрэагаваўшы на чарговы прэцэндэнт з боку расійскіх журналістаў.

Дзякуючы кампаніі #art_born_Belarus у шмат якіх музеях свету сталі змяняць інфармацыю пра месца нараджэння творцаў родам з Беларусі. У прыватнасці, у Метраполітан-музеі ў Нью-Ёрку пад карцінай «Палюбоўнікі» былі зменены звесткі пра месца нараджэння Марка Шагала з «Born in Russia» на «Born in Веlarus». Па просьбе суайчынніка ў подпісе пад карцінай Хаіма Суціна ў Нацыянальнай галерэі мастацтва ў Вашынгтоне з’явілася згадка пра Беларусь. Марк Шагал, Восіп Цадкін, Пітэр Блум, Абрам Багданаў, Файбіш-Шрага Царфін, Восіп Любіч ды іншыя мастакі — уся яны звязаны з Беларуссю, і гэта мусіць быць адлюстравана ў публічным мастацкім полі.

«Калі мы не будзем заяўляць пра гэта, то нашых творцаў будуць працягваць пазбаўляць іх ідэнтычнасці», — звяртаецца да суайчыннікаў Рада культуры і нагадвае пра тое, што на сайце арганізацыі можна знайсці шаблоны лістоў да музеяў свету, а таксама мастацтвазнаўчую аргументацыю, чаму Марка Шагала, Надзею Лежэ, Яна Хруцкага, Фердынанда Рушчыца, Хаіма Суціна ды іншых творцаў можна назваць і беларускімі мастакамі таксама.

«Заклікаем вас далучыцца да #art_born_Belarus! — звяртаецца каманда БРК. — Распавядайце пра беларускіх творцаў. Скіроўвайце лісты ў музеі. Дапамажыце свету даведацца пра сапраўдную гісторыю».

Нагадаем, што нядаўна расійскі журналіст Леанід Парфёнаў адмовіў сусветнаму мастаку Марку Шагалу ў прыналежнасці да габрэйскага і беларускага мастацтва. «Не існавала тады ніякага яўрэйскага мастацтва, не існавала ніякага беларускага жывапісу ў тыя часы. Ну, Віцебск увогуле ніхто не ўспрымаў ніякай Беларуссю ў тагачаснай унітарнай Расійскай імперыі», — падзяліўся ён сваім меркаваннем з вядоўцам YouTube-шоу «Рэдакцыя» Аляксеем Піваваравым.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!