Reform.news

Беларуская паэтка Юля Цімафеева атрымала прэстыжную нямецкую Прэмію імя Хільдэ Дамін за літаратуру ў выгнанні

Reform.news · 21 октября 2026, 16:35

https://reform.news/belaruskaja-pajetka-julja-cimafeeva-atrymala-prjestyzhnuju-njameckuju-prjemiju-litaratura-vygnanni-imja-gildje-domin/

Учора, 20 кастрычніка, у ратушы нямецкага Гайдэльберга адбылася ўрачыстая цырымонія ўручэння прэміі Hilde-Domin-Preis für Literatur im Exil 2026 («Прэмія імя Хільдэ Дамін за літатаратуру ў выганні»). Яе лаўрэаткай стала беларуская паэтка, пісьменніца і перакладчыца Юля Цімафеева. Узнагароду аўтарцы ўручыла кіраўніца аддзела культуры Гайдэльберга, доктарка Андрэа Эдэль.

Прэмія імя Хільдэ Дамін прысуджаецца раз на тры гады пісьменнікам, якія жывуць у выгнанні ў Германіі або дакранаюцца да гэтай тэмы ў сваёй творчасці.

За што журы адзначыла Юлю Цімафееву?

У абгрунтаванні журы вылучыла паэтычны зборнік Цімафеевай «Кровазварот», апублікаваны ў выдавецтве edition.fotoTAPETA ў 2025 годзе:

«Беларуская паэтка і перакладчыца Юля Цімафеева ператварае ўласны досвед і жыццё ў выгнанні ў імпульс для бліскучага мастацкага асэнсавання. Праз карункі тонка вытканых вобразаў яна рэфлексуе над успамінамі пра дом, уцёкі, чужыну і пошук новага прытулку. Аўтарка вяртаецца да драматычных старонак крывавага XX стагоддзя — ад чорнай цені Чарнобыля да нацысцкіх працоўных лагераў, дзе былі зняволеныя яе родныя…».

Аўтарка лаўдацыі (хвалебнага слова), паэтка і эсэістка Ульяна Вольф, назвала Юлю Цімафееву «архіварыусам і мастачкай памяці», падкрэсліўшы яе бясспрэчную назіральнасць, здольнасці не сыходзіць у сентыментальнасць ды вытанчаную іронію пры пошуку мовы для апісання вопыту эміграцыі.

Фота: Edition Fototapeta.

Юля Цімафеева нарадзілася ў 1982 годзе ў Брагінскім раёне. Яна з’яўляецца аўтарам шасці паэтычных зборнікаў на беларускай мове. Яе кнігі перакладзены на нямецкую, нідэрландскую, польскую, шведскую мовы і выдадзены ў ЗША. У нямецкім выдавецтве edition.fotoTAPETA выйшлі яе кнігі «Цырк» (2019), «Мінск. Дзённік» (2021), «Камень страху» (2022) і «Кровазварот» (2025, у перакладзе Ціны Вюншман). У 2025 годзе таксама пабачыў свет зборнік калажаў і вершаў «Рэжу гісторыю сабой» (Ich zerschneide die Geschichte). У 2020 годзе Юля Цімафеева разам з мужам, пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам, была вымушана пакінуць Беларусь з палітычных прычын. Пасля жыцця ў Грацы, Хемніцы, Цугу і Гамбургу з 2025 года пара жыве ў Берліне.

Даведка пра прэмію

Прэмія імя Хільдэ Дамін была заснавана горадам Гайдэльберг у 1992 годзе да 80-годдзя знакамітай паэткі Хільдэ Дамін (якая і стала першай лаўрэаткай). Гэта адна з найбольш значных нямецкіх літаратурных прэмій, якая падтрымлівае галасы пісьменнікаў-эмігрантаў. У розныя гады лаўрэатамі гэтай узнагароды станавіліся такія аўтары, як Бахтыяр Алі, Наташа Водзін, Эдгар Хільзенрат, Абас Хідэр і іншыя творцы.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий