Беларуская мастачка Ала Савашэвіч атрымала прэстыжную Уроцлаўскую Мастацкую Прэмію

Беларуская мастачка Ала Савашэвіч стала лаўрэатам прэстыжнай Уроцлаўскай Мастацкай Прэміі 2025 (Wrocławskie Nagrody Artystyczne) у катэгорыі візуальных мастацтваў. Узнагарода была ўручана на гала-цырымоніі 8 снежня ў Нацыянальным форуме музыкі (NFM).

Уроцлаўская Мастацкая Прэмія — гэта адна з прэстыжных узнагарод, якую штогод прысуджае прэзідэнт Уроцлава Яцэк Сутрык. Яна ўручаецца ў пяці ключавых катэгорыях (тэатр, музыка, літаратура, візуальнае мастацтва) за дасягненні ў мінулым мастацкім сезоне.

Рашэнне аб узнагароджанні прымае капітула — група аўтарытэтных экспертаў: прадстаўнікоў мастацкіх ВНУ, фестываляў, устаноў культуры і СМІ.

Ала Савашэвіч была адзначана капітулай за «выдатную пазіцыю, мастацкую сталасць, мультымедыйныя інсталяцыі, якія закранаюць тэмы памяці, улады і глабальных канфліктаў, прадстаўленыя на шматлікіх выставах — у тым ліку ў Цэнтры Скульптуры ў Ароньску, а таксама ў многіх еўрапейскіх мастацкіх цэнтрах».

Нагадаем, што персанальная выстава беларускай мастачкі, якая адбылася сёлета ўвосень у Ароньску і мела назву «У месяцы стаяла, ветру слухала», была прысвечана перфарматыўнасці жаночай працы і яе сацыяльнай ролі. Экспазіцыя, куратарам якой выступіла Паўліна Бжушкевіч-Кун, была падрыхтавана спецыяльна для галерэі «Вазоўня», размешчанай у гістарычным маёнтку. Яна знаходзіцца на месцы былых гаспадарчых пабудоў, што таксама выклікае ўспаміны пра працу і эксплуатацыю цэлых пакаленняў сялян і работнікаў маёнтка.

Ала Савашэвіч гэтай выставай падсумоўваала пэўны этап вырашэння тэмы жаночай працы. На выставе аўтарка працавала з адносна новым для яе матэрыялам – ільняной кудзеляй, з якой была створана манументальная лялька — скульптура пад назвай «Шэптам тканая», што сімвалізавала пераход — ад дзеяння да спакою, ад хаосу да засяроджанасці, ад старога да новага і ўвасабляла як цяжкую працу, так і духоўны складнік жаночай супольнасці.

Фота: сацсеткі Этнаграфічным музеі Уроцлава.

У наступным годзе гэта, адна з галоўных тэм мастачкі, атрымае працяг у новай выставе «Тваё цела — поле працы». Гэты праект, куратарам якой будзе Марта Дзерайчык, пройдзе ў Этнаграфічным музеі Уроцлава, дзе працы Савашэвіч уступяць у дыялог з музейнымі аб’ектамі, якія адлюстроўваюць жаночую працу. Пра гэта паведаміла ўроцлаўская інстытуцыя.

«У месяцы стаяла, ветру слухала» — не адзіны праект мастачкі са Слоніма за гэты год. Ала Савашэвіч прымала ўдзел у шматлікіх выставах: «Сачыць, каб кожны інструмент або зброя, якія выходзяць з кузні, выкарыстоўваліся з добрай мэтай» у Ароньску, «Не час шкадаваць ружаў, калі гараць лясы» ва Уроцлаве, ды іншыя праекты.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!