Беларуская куратарка Вольга Мжэльская выступіла на фінісажы праекта польскай мастачкі Ліліяны Зейц, прысвечанага легендзе аб Свіцязі

Свой погляд на выставу мастачкі Ліліяны Зейц, натхнёнай легендай аб возеры Свіцязь, прадставіла на фінісажы праекта ва Уроцлаве Вольга Мжэльская. Беларуская куратарка была запрошана ў якасці вядоўцы экскурсіі ў межах Культурнага ўікенда ва ўроцлаўскі арт-цэнтр Piekarnia Żywa Kultura.

Выстава польскай мастачкі Ліліяны Зейц «Першы год яны спяць, другі год поўзаюць, трэці год яны ўзрываюцца» заснавана на легендзе аб возеры Свіцязь, якую Адам Міцкевіч узнавіў у сваім зборніку 1822 года «Балады і рамансы».

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: К.К.
Фрагмент працы Ліліяны Зейц. Фота: К.К.
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: К.К.

Паводле легенды, возера Свіцязь захоўвае таямніцу і гісторыю затанулага горада. Аддаўшы перавагу смерці, чым захопу ворагам, горад сышоў на дно возера Свіцяць, а яго жыхары пераўтварыліся ў расліны. Па іншай версіі, жанчыны затанулага горада да гэтага часу жывуць пад паверхняй возера, і іх песні часам можна чуць па начах.

Для Ліліяны Зейц гэта легенда стала натхненнем для квір-экалагічнага выказвання, дзе жаночыя постаці пераплятаюцца з расліннымі формамі. Іх ідэнтычнасці размываюцца, а суб’ектыўнасці ўплываюць адна на адну. Для мастачкі таямнічая гісторыя застаецца квір-стратэгіяй вяртання бачнасці, перапрацоўкі траўмы, культывавання памяці і цыркуляцыі ўсяго жывога.

Ліліяна Зейц распрацавала ўласную тэхніку апрацоўкі дрэва, заснаваную на інтарсіі (адна з тэхнік інкрустацыі). Фота: К.К.
Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: К.К.

Вольга Мжэльская прадставіла на выставе свой погляд на выказванне польскай аўтаркі: куратарка з Беларусі злучыла яго з праектам «Свіцязянкі», прысвечаным жанчынам з тых краёў. У прэзентацыі Вольга звярнулася да сваіх каранёў на Свіцязі, сямейнай гісторыі, гістарычных адсылак, якія паўплывалі на яе інтэрпрэтацыю творчасці польскай мастачкі.

Вольга Мжэльская падчас прэзентацыі. Фота: К.К.

У сваёй трактоўцы Вольга падымае ўніверсальныя пытанні аб ідэнтычнасці і супольнасці, якія нараджаюцца праз асабісты досвед і памяць.

Фота: К.К.

Даведка:

Ліліяна Зейц  – нарадзілася ў 1988 годзе, візуальная мастачка, доктарка філасофіі ў галіне выяўленчага мастацтва. Яе мастацкая практыка заснавана на квірфемінізме і квірэкалогіі.

Яна працуе з рамеснымі тэхнікамі, відэа, фатаграфіяй, аб’ектамі і тэкстам, ствараючы інтэрмедыйныя і перфарматыўныя праекты, заснаваныя на мастацкіх даследаваннях.

З 2020 года яна ўсё больш актыўна выкарыстоўвае рамесныя метады, у першую чаргу распрацоўваючы ўласную тэхніку апрацоўкі дрэва, заснаваную на інтарсіі (адна з тэхнік інкрустацыі).

Праца Ліліяны Зейц. Фота: К.К.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!