Праца беларускай мастачкі Васілісы Палянінай "Flower Face". Твор прымае ўдзел у дабрачынным аўкцыёне, усе сродкі з якога будуць скіраваныя на выкуп зямель для пашырэнне Рэзервату Зайкі ў акаліцы Бебжанскага нацыянальнага парку на Падляшшы.
Міжнародны мастацкі праект, які аб’ядноўвае экалогію, культуру і дабрачыннасць, адкрываецца ў Варшаве. Прымеркаваны да 25-годдзя Фундацыі WWF Polska, якая займаецца аховай дзікай прыроды, ён злучыць аўкцыён у доме DESA Unicum і выставу ў галерэі BWA Warszawa. Канцэпцыю апошняй пад назвай «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў» распрацавала беларуская куратарка Вольга Мжэльская.
Экспазіцыя, якая пачне працу 12 лістапада, натхнёная рухам rewilding (аднаўленне экасістэм). Гэты рух, што ўзнік у 1990-х гадах, стаў адказам на наступствы прамысловага земляробства, урбанізацыі і кліматычных зменаў. Rewilding прапануе адыход ад успрымання прыроды як рэсурсу і разглядае яе як «жывога, аўтаномнага партнёра чалавека».
Канцэпцыя rewilding заклікае да дыялогу, у якім чалавек становіцца не гаспадаром, а «ўважлівым суседам» дзікай прыроды. Такая перспектыва ставіць пад сумнеў традыцыйныя адносіны ўлады і кантролю, нагадваючы пра ўзаемазалежнасць усіх відаў жыцця. Выстава закранае таксама і рэакцыі на сучасныя экалагічныя крызісы.
На выставе будуць прадстаўлены працы мастакоў і мастачак, якія даследуюць розныя спосабы размовы пра кліматычны крызіс і экалагічную адказнасць. У праекце прымаюць удзел 28 творцаў: тут і вядомыя польскія аўтары і аўтаркі, такія як Ёанна Райкоўская, Цэцылія Малік і Кшыштаф Бяднарскі, але таксама беларускія мастакі — Аляксандр Адамаў і Васіліса Паляніна.
Завершыць праект дабрачынны аўкцыён у доме DESA Unicum, усе сродкі з якога будуць накіраваныя на выкуп зямель і пашырэнне Рэзервату Зайкі ў ахоўнай зоне Бебжанскага нацыянальнага парку на Падляшшы.
Гэта тэрыторыя ўключае ў сябе вільготныя лугі, асаковыя балоты і тарфянікі — каштоўныя месцы пражывання многіх відаў птушак, такіх як вялікі крык, крывадзюб, лебедзь крыклівы, дзяркач і цыранка.
Планаваныя ахоўныя дзеянні ўключаюць будаўніцтва засаў, эксцэнсіўнае скошванне лугоў і іншыя ініцыятывы, якія падтрымліваюць біяразнастайнасць.
WWF Polska плануе выкупіць як мінімум 5 гектараў зямлі пры сярэднім кошце каля 35 тысяч злотых за гектар.
Адкрыццё выставы «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў» адбудзецца 12 лістапада, 19.00 у галерэі BWA Warszawa.
З 12 лістапада будзе ладзіцца і папярэдні анлайн-аўкцыён.
Уласна, жывы аўкцыён пройдзе 23 лістапада, у 16:00 у DESA Unicum (вул. Piękna, 1A). Рэгістрацыя з 15:00.
Паглядзець каталог аўкцыёну можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram