Беларуская драматургія на англійскай мове? Сёння праект Belarusplays.online распачаў двухдзённыя анлайн-чыткі п’ес сучасных аўтарак

Пяць п’ес сучасных беларускіх аўтарак, англамоўныя актрысы з Францыі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Польшчы, Беларусі, Ірландыі, якія чытаюць гэтыя творы — 22 і 23 лютага ў анлайн-фармаце праект Belarusplays.online ладзіць двухдзённую чытку беларускай сучаснай драмы. Што вы ведаеце пра драматургію з Беларусі? Самы час адкрыць для сябе яе прадстаўніц і прадстаўнікоў ды іх п’есы, зарэгістраваўшыся на падзею, зладжаную незалежнай тэатральнай супольнасцю.

Чаму беларуская драма?

«У беларускіх аўтараў ёсць свой уласны голас, які мы запрашаем вас пачуць», — звяртаюцца да публікі аўтары праекта Belarusplays.online.

«Драматургі з Беларусі займаюць адно з вядучых месцаў у постсавецкіх краінах. Іх творы ўжо былі добра вядомыя ў пачатку 2000-х як у (не) рускамоўным, так і ў еўрапейскім кантэксце, што крыху пазней складзе «феномен» беларускай драматургіі».

Крызіснае стаўленне, адзінота, гвалт, сямейныя і сацыяльныя канфлікты, пошук пункту апоры ў свеце, які змяняецца — так можна апісаць тэмы, якія хвалююць беларускіх драматургаў. Многія аўтары даследуюць нацыянальную ідэнтычнасць: гісторыю Беларусі, яе нацыянальны код і сучасны міф. І тэксты творцаў глакальныя, падркрэсліваюць тэатральныя крытыкі, — яны аўтэнтычныя і ўніверсальныя адначасова.

Нягледзячы на тое, што п’есы беларускай драмы ўваходзілі ў шорт-ліст прэстыжных драматычных конкурсаў і ставіліся як у Беларусі, так і за мяжой, за гэты час не было створана ніводнай платформы, дзе б былі даступныя пераклады твораў сучасных драматургаў. Выправіць гэту хібу — і ёсць адна з мэтаў лічбавай платформы Belarusplays.online.

Што ж сёння можна знайсці на платформе?

Першыя пяць тэкстаў, з якім прапануюць пазнаёміцца даследчыкі, — п’есы, напісаныя жанчынамі.

Гэта The Gorgons Касі Чакатоўскай, Any Spot with Marks Left Behind Марыі Бяльковіч, Everything is alright Улады Хмель, The Whore Алены Іванюшанка, Pictures, videos, and everything else Веры Главінскай (наўмысна пакідаем англамоўныя назвы твораў — Reform.by).

«Гэтыя жаночыя галасы знаходзяцца на пярэднім краі беларускай драматургіі: творцы актыўна эксперыментуюць з тэмамі і формамі п’ес», — звяртае ўвагу на творчасць аўтарак каманда праекта.

«Тэксты раскрываюць пункт гледжання жанчыны: напрыклад, як гэта быць маці ў часы крызісу. Як змяніць мадэль дзетараджэння і перадаць станоўчы вопыт жаночай сацыялізацыі, як існаваць у патрыярхальным свеце, дзе ўлада становіцца мацней розуму…».

Далучыцца да чытак пяці п’ес на англійскай мове можна сёння і заўтра.

Творы беларускіх аўтарак чытаюць: актрыса і паэтка Аўрэлі Раксана Імбер (Aurelie Roxane Imbert) з Францыі, актрыса Сібілла Майенберг (Sibylla Meienberg) з Вялікабрытаніі, актрыса Аляксандра Срока (Aleksandra Sroka) з Польшчы, актрыса, музыка і рэжысёрка Паліна Дабравольская з Беларусі, гісторык і перакладчыца Сісі Папатанасіу (Sissy Papathanassiou) з Грэцыі, рэжысёрка Молі Сэвідж (Mollie Savage) ды выкладчыца і актрыса Трына Скот (Trina Scott) з Ірландыі.

Зарэгістравацца на падзею можна тут.

Пры гэтым тэксты пяць беларускіх драматургаў даступны на сайце на англійскай мове ўжо зараз.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.