Беларуская аўтарка Антаніна Слабодчыкава прымае ўдзел у кракаўскім фестывалі мастацтва ў публічнай прасторы Open City

14 чэрвеня ў Кракаве распачаўся 16-ты фестываль мастацтва ў публічнай прасторы Open City.

Фестываль Open City — гэта выстава мастацкіх інсталяцый, размешчаных на тэрыторыі былой універсітэцкай бальніцы на вуліцы Wesoła. У асноўным гэта работы з калекцыі фестывалю, дапоўненыя творамі кракаўскіх мастакоў. Да гэтага году мерапрыемства праводзілася ў Любліне, аднак сёлета яно перамясцілася ў Кракаў.

Антаніна Слабодчыкава. «Стол перамоваў». Інсталяцыя, 2021. Фота: скрын відэа

У калекцыі фестывалю Open City захоўваецца і інсталяцыя беларускай мастачкі Антаніны Слабодчыкавай «Стол перамоваў». Яна ўяўляе сабой доўгі стол перамоваў, чысты і пусты, пакрыты белай тканінай. На двух канцах стала на талерках ляжаць анатамічна дакладныя сэрцы.

Антаніна Слабодчыкава. «Стол перамоваў». Фота: Андрэй Дурэйка

Інсталяцыя «Стол перамоваў» была зроблена для фестывалю Open City ў Любліне ў 2021 годзе. «На ідэю гэтага твора паўплываў той стан, у якім я знаходзілася пасля 2020 года, стан чакання, якое вельмі зацягнулася, — тлумачыць мастачка. — А пасля пачатку вайны інсталяцыя набыла іншы сэнс з-за гэтых сэрцаў, якія выглядаюць як жывыя. Мне здаецца, што мой твор увасабляе тэму зацягнутага працэсу перамоваў».

У 2019-м мастачка рабіла сваю інсталяцыю «На белым найлепш відаць бруд», у якой з’явілася тэма часу, які змяняе знешні выгляд прадметаў. Мастачка працавала з біялагічным матэрыялам, назіраючы за працэсам яго раскладання. У інсталяцыі «Стол перамоваў» аўтарка хацела размясціць сапраўднымі свінячыя сэрцы, па памеру падобныя да чалавечых. Аднак арганізатары фестывалю прапанавалі зрабіць імітацыю. «Я спачатку сумнявалася, — расказвае Антаніна, — а пасля зразумела, што гэта якраз рэалізацыя ідэі жывога, якое пераўтвараецца ў мёртвае. То-бок чаканне робіць жывое мёртвым. Я пагадзілася на сіліконавыя сэрцы, і вынік атрымаўся вельмі натуралістычным і эфектным».

У гэтай інсталяцыі важны і памер стала, ён доўгі, вялікі. Яго не так лёгка абысці і ён не дае прайсці міма.

«Сітуацыя падрыхтоўкі і чакання. Паводле канцэпту мастачкі, перамовы зацягнуліся, гэта працэс працягласцю не адзін месяц. Менавіта працэсуальнасць гэтай працы складае яе неад’емную частку: чым даўжэй працягласць, тым больш драматычным становіцца вобраз, які паступова напаўняецца слядамі бруду, смецця, раскладання», — піша куратар інсталяцыі мастак Андрэй Дурэйка.

Фестываль мастацтва ў публічнай прасторы Open City. Фота: krakow.pl

«Стол перамоваў» цалкам упісваецца ў канцэпт кракаўскага фестывалю, які праходзіць пад лозунгам «Mater:Ja», у назве закладзена паняцце матэрыі, інтэрпрэтаванай як субстанцыя, з якой нешта зроблена, сутнасць самой рэчы. Частка «Ja» сімвалізуе асобу, духоўнасць, эга, чалавечнасць.

Радаслаў Скура. Куля. 2019. Фота: facebook.com opencity.festival

У Кракаве выбралі вельмі сімвалічнае месца для фестывалю: бальніца звязана з нараджэннем, яна ўспрымаецца як прастора, у якой стваральнік (майстар) выпускае завершаную працу. Таксама гэтае месца правакуе на развагі пра цялеснае і духоўнае.

Марыёла Вавжусяк. Ужо не заснеш спакойна. Фота: facebook.com opencity.festival

«Мы часта ставімся да цела, — паведамляе куратарскі тэкст, — як да нечага асобнага, часам зусім чужога, што мы вывучаем і лечым. Мы ставімся да цела як да машыны падчас рамонту, часам не звяртаючы ўвагі на тое, што ў ім ёсць нешта большае, чым проста анатамічная структура.

Тое, што вызначае чалавека, выходзіць за межы фізічных межаў. Наша існаванне, духоўнасць, асоба рухаюць матэрыяй цела, фармуюць нашу ідэнтычнасць, вызначаюць, хто і што мы, якія каштоўнасці мы вызнаем і ў што верым. Часта нашы перакананні і вера выпрабоўваюцца падчас цялесных пакут. У такія моманты мы разважаем пра сэнс існавання…

…Закінутыя медыцынскія будынкі могуць натхніць нас задумацца пра чалавечае жыццё — ад нараджэння да стасункаў, якія мы ствараем. Яны прымушаюць задумацца пра нашыя мары, памкненні, цялеснасць і духоўнасць, пакуты і смерць. Мы адкрываем горад чалавечнасці».

Фестываль Open City працягнецца да 16 жніўня 2024 года.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!