«Беларускае грамадства змянілася». Алесь Бяляцкі пра страчаныя рукапісы, еўрапейскую салідарнасць і веру ў новае пакаленне

Главное
Сустрэча з Алесем Бяляцкім. Фота: spring96

20 красавіка ў Варшаўскім універсітэце прайшла сустрэча з лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна», былым палітвязнем Алесем Бяляцкім.

Зала актыўна вітала праваабаронцу працяглымі апладысментамі, а сам лаўрэат адзначыў, што хацеў бы, каб сустрэча прайшла нефармальна, таму што прыйшло шмат яго сяброў, паплечнікаў і нават «сядзельцаў», якія дзяліліся з ім у турме самымі неабходнымі рэчамі. Бо пасылак Бяляцкі амаль не атрымліваў.

На сустрэчу таксама прыйшлі беларускія палітычныя актывісты, студэнты, а таксама першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі, прафесарка Эльжбета Смулэк, дыпламаты і іншыя прадстаўнікі польскай грамадскасці. Аднак толькі адзінкі з іх скарысталіся навушнікамі, каб пачуць польскі пераклад. Сустрэча вялася ў асноўным па-беларуску.

Мадэравалі імпрэзу дырэктар «Studium Europy Wschodniej» Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі і старшыня беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай.

Сустрэчу пад назвай «Чалавек эпіцэнтра» арганізавалі Studium Europy Wschodniej Варшаўскі ўніверсітэт, ПЦ «Вясна» і Беларускі ПЭН.

Сабралі пытанні, што тычыліся найперш беларускай культуры.

«Беларускае грамадства змянілася». Алесь Бяляцкі пра страчаныя рукапісы, еўрапейскую салідарнасць і веру ў новае пакаленне
Сустрэча з Алесем Бяляцкім. Фота: spring96

Зніклыя рукапісы

У зале ўніверсітэта размясцілі крэслы з партрэтамі. Сімвалічныя месцы былі прызначаны для зняволеных людзей (Анджэя Пачобута, Дзмітрыя Галавача, Ігара Ільяша, Паліны Піткевіч) і страчаных рукапісаў.

Вядома, што ў турме існуе практыка пры вызваленні не аддаваць рукапісы. Пра канфіскацыю паведамлялі многія былыя палітзняволеныя, сярод іх Уладзімір Мацкевіч, Генадзь Фядыніч, Ігар Карней, Максім Знак, Аляксандр Фядута і іншыя.

Алесю Бяляцкаму не аддалі рукапісы дзвюх кніг успамінаў. «Такія рэчы нагадваюць 1930-я гады, калі, як мне распавядалі, палілі рукапісы, запісы, кніжкі беларускіх пісьменнікаў у 1937 годзе. Гэта ўсё адбывалася ў двары КДБ ці ў двары «Валадаркі». Знішчалася памяць людзей, іх перапіскі, іх эмоцыі», — сказаў Алесь Бяляцкі пасля свайго вызвалення.

Цяпер на сустрэчы ён згадаў, што ў СІЗО, дзе ён правёў амаль два гады, было шмат вольнага часу. І ўвесь гэты час Алесь Бяляцкі штосьці запісваў і такім чынам напісаў фактычна дзве кнігі. Але паўстала пытанне, як захаваць гэтыя рукапісы. «У 2012-2013 гадах, у папярэдні турэмны тэрмін, дазвалялі перапіску і я актыўна пісаў. Гэта было дазволена, цэнзар толькі сказаў не пісаць пра Лукашэнку і турму… Гэтым разам, калі пачалася вайна Украіны з Расіяй, нас рэзка абмежавалі ў перапісцы, фактычна спынілі ўсю перапіску. І калі перад гэтым я пасылаў у лістах жонцы нейкія свае нататкі, успаміны, эсэ і штосьці з гэтага праходзіла, то пасля 2022 года перапіска фактычна спынілася», — расказаў Бяляцкі.

І тады ён вырашыў пакінуць рукапісы на складзе разам з іншымі рэчамі, спадзеючыся, што, калі яго будуць вызваляць, ён зможа іх забраць. Зняволены праваабаронца разлічваў на тое, што яны ўжо былі правераны, прагледжаны цэнзурай, і, магчыма, не выклічуць дадатковых пытанняў.

Але ў дзень вызвалення ўсе гэтыя паперы — рукапісы, запісы, фактычна дзве гатовыя кнігі — былі забраныя. «Я спрабаваў нешта змяніць, размаўляў з адміністрацыяй, але было відавочна, што існаваў жорсткі загад, каб нічога не аддаваць», — расказаў Алесь Бяляцкі.

Лёс рукапісаў цяпер невядомы: магчыма, яны ляжаць дзесьці ў архівах КДБ, а магчыма, знішчаныя.

Таццяна Нядбай звярнула ўвагу, што на пустым крэсле ў зале ляжыць «Іліяда» — пераклад на беларускую мову, які быў здзейснены Лявонам Баршчэўскім і апублікаваны ўпершыню. Аднак поўны пераклад «Іліяды» са старагрэцкай на беларускую мову быў здзейснены ўжо сто гадоў таму Браніславам Тарашкевічам таксама ў турме, і гэты пераклад быў канфіскаваны. Зноў жа невядома, ці ён захаваўся, ці ён знішчаны.

Гэта не палітычны тэкст, заўважыла Таццяна Нядбай і падагульніла: «Ад нас забіраюць гэтыя тэксты, нашу культуру, знішчаючы таксама нашы ідэнтычнасці».

Кнігі для цяжкіх часоў

Беларуская паэтэса іспанскага паходжання, даследчыца-славістка Анхэла Эспіноса спытала, якая кніга найлепшая для чытання ў цяжкія часы.

«Кожны сам выбірае тое, што яму падабаецца, — адказаў праваабаронца. — Гэта прыватная справа, асабістая справа, і таму ты выбіраеш тое, што ты хочаш. Я перачытаў у асноўным тыя кніжкі, якія я чытаў калісьці даўно, калі мне было дваццаць гадоў. Напрыклад, беларускую класіку».

Спадар Бяляцкі перачытаў і Вячаслава Адамчыка, і Барыса Сачанку, і Уладзіміра Арлова. Таксама чатырохтомнікі Рыгора Барадуліна і Ніла Гілевіча.

На якой мове павінны размаўляць беларускія палітыкі? А выдавацца кнігі?

У турме Алесь Бяляцкі свядома імкнуўся размаўляць па-беларуску, хаця не заўсёды гэта атрымлівалася. У нейкіх сітуацыях, каб пазбегнуць двухсэнсоўнасцяў, ён мог пераходзіць на рускую мову, бо яна ўспрымаецца ўсімі адназначна.

Пры гэтым праваабаронца настойваў на тым, каб усе працэсуальныя дзеянні вяліся па-беларуску. Аднак яго канстытуцыйнае права было парушана.

На пытанне, ці варта палітыкам камунікаваць па-руску, Бяляцкі адказаў, што мова — «не проста сродак камунікацыі, гэта частка ідэнтычнасці, гэта тое, што вызначае, хто мы ёсць».

Прагучала пытанне ад беларускага выдаўца, ці варта яму выдаваць кнігі і на рускай мове, акрамя беларускай. Алеся Бяляцкі выказаўся адназначна, што кнігі беларускіх аўтараў на рускай мове лепш выдаваць у Расіі. А нам трэба захоўваць сваю ідэнтычнасць.

Разгарэліся дэбаты – не падчас сустрэчы, дзе словы Бяляцкага былі сустрэты апладысментамі, а ў сеціве. Пра сеціўныя дыскусіі мы напісалі тут.

«Беларускае грамадства змянілася». Алесь Бяляцкі пра страчаныя рукапісы, еўрапейскую салідарнасць і веру ў новае пакаленне
Сустрэча з Алесем Бяляцкім. Фота: reform.news

Ці можа Еўропа зрабіць больш для Беларусі?

Нас не лічаць тут чужымі, мяркуе Бяляцкі. Ён спадзяецца, што падтрымка беларускіх ініцыятываў не зменшыцца, нягледзячы на тое, што ў свеце цяпер шмат крызісаў, якія ідуць адны за адным.

Закінуць Беларусь — патэнцыйна небяспечна для еўрапейскай прасторы. Варта толькі згадаць міграцыю і кантрабанду — спланаваныя атакі для дэстабілізацыі сітуацыі на памежжы. «Не думаю, што гэтыя кампаніі распрацаваныя ў Беларусі, гэта распрацоўкі Крамля. Беларусь павінна заставацца ў інтарэсах усяго еўрапейскага кантыненту і найперш нашых суседзяў», — сказаў нобелеўскі лаўрэат.

Гісторыю Беларусі немагчыма ўявіць без гісторыі Польшчы і Літвы, а гісторыю Польшчы — без гісторыі Беларусі і Літвы. Хоць Беларусь цяпер знаходзіцца пад таталітарным рэжымам, аднак гісторыя паказвае: калі адбываецца нейкая рэвалюцыя — ідзе хуткае развіццё. «Я перакананы, што мы дагонім іншыя краіны, а яны зацікаўленыя ў надзейным партнёрстве свайго ўсходняга суседа», — падагульніў Бяляцкі.

«Мы маем праблему з савецкай спадчынай»

Ксёндз Вячаслаў Барок пацікавіўся, які галоўны дыягназ цяпер для Беларусі, у чым карань праблемы і якое лячэнне патрэбна краіне.

«Мы маем праблему з савецкай спадчынай, якая засталася для Беларусі з савецкіх часоў, з часоў Савецкага Саюзу, — адказаў нобелеўскі лаўрэат. — І фактычна барацьба за новую Беларусь, за дэмакратычную Беларусь, за незалежную Беларусь працягваецца ўсе гэтыя трыццаць гадоў. На жаль, хутка гэта не адбылося, бо на пустым месцы нічога не расце. І трэба час, каб змянілася асяроддзе, каб з’явіліся людзі, лідары на ўсіх магчымых кірунках. Каб грамадзянская супольнасць сфармавалася ў Беларусі. Вось чаму ўлады вельмі актыўныя, яны таксама гэта разумеюць. Яны зараз актыўна правялі зачыстку ў Беларусі. Фактычна выгналі багата каго з Беларусі ў спадзяванні  вярнуць усё пад кантроль і правесці чарговую саветызацыю. Я не думаю, што ў іх гэта атрымаецца, таму што немагчыма замяніць мільёны».

Праваабаронца нагадаў, што ў 1994 годзе Лукашэнку сапраўды выбралі, за яго галасавала пад 80 працэнтаў. Гэта было постсавецкае грамадства. «І тады для нас былі цяжкія часы, таму што мы рэальна разумелі, што маем справу з грамадствам, з якім яшчэ мусім доўга працаваць», — расказаў Бяляцкі. Аднак у 2020 годзе мы ўбачылі ўжо іншае грамадства. Тое постсавецкае пакаленне адышло, прыйшлі новыя маладыя людзі, якія думаюць па-еўрапейску і якія хочуць жыць як еўрапейцы.

«Улады не змяніліся, а беларускае грамадства змянілася – гэта і ёсць тое, што адбылося за апошнія 30 гадоў. І таму я гляджу наперад аптымістычна. Нам трэба, вядома, дапамагаць гэтым зменам, таму што актыўна працуе Расія, актыўна працуе ідэя «русского мира», якую яны навязваюць праз свае інструменты. Гэта ўсё не проста так. Гэта ўваходжанне паўзучым чынам «русского мира» ў сённяшнюю Беларусь… І мы павінны супрацьстаяць гэтай русіфікацыі Беларусі, павінны выступаць актыўна за дэмакратычныя каштоўнасці».

«Змена пакаленняў – працэс няўхільны… У грамадстве гэта барацьба. Яна ідзе пастаянна. Яна ідзе дастаткова паспяхова», — мяркуе нобелеўскі лаўрэат. Нягледзячы на тое, што наша рэвалюцыя скончылася пэўнай паразай, гэта не назаўсёды (на сем гадоў, паўжартам напрарочыў Бяляцкі). Аднак дзеля перамогі патрэбны пэўныя высілкі: «Трэба беларусізацыя, трэба вярнуць душу народу», упэўнены нобелеўскі лаўрэат.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.