«Гэтым відэа я адкрываю цыкл невялікіх сюжэтаў пра ўнікальныя перліны бібліятэкі-музея імя першадрукара Скарыны, у якіх буду вас знаёміць з цудоўнымі супрацоўнікамі, а таксама ствараць арт-рэплікі на ўпадабаныя экспанаты», — так прэзентаваў выхад першага сюжэта на сваім Ютуб-канале беларуска-брытанскі рэжысёр і акцёр, заснавальнік праекта «The Art life Project» Уладзімір Шчэрбань.
Першы сюжэт, які мае назву «Батлейка, ці Як я стаў чортам», знаёміць гледача з апекуном Скарынаўскай бібліятэкі ў Лондане, батлейшчыкам і фінансавым праўнікам Паўлам Шаўцовым. Павал распавядае Уладзіміру ў відэа пра скарынаўскую батлейку, яе лялькі; чаму ён захапіўся гэтай справай і хто сёння наведвае вядомую інстытуцыю ў Лондане. У выпуску можна пабачыць і арт-рэпліку на ляльку Чорт з батлейкі бібліятэкі-музея імя Францішка Скарыны, якую нядаўна стварыў Уладзімір Шчэрбань.
Беларускі акцёр і рэжысёр кажа, што ён плануе рабіць сюжэты для канала на рэгулярнай аснове.
«Буду рабіць невялікія відэа-прэм’еры з людзьмі, якія мне цікавыя, — распавёў Reform.by пра канцэпт выпускаў творца. — Часам гэта будуць вядомыя людзі, часам выпадковыя знаёмыя. Сустрэчы будуць паўставаць вакол стварэння арт-рэплікі, часам сумеснай».
У планах Уладзіміра Шчэрбаня — стварэнне яшчэ пары сюжэтаў пра бібліятэку, у тым ліку — пра галоўны артэфакт інстытуцыі — статут Вялікага Княства Літоўскага.
«А таксама ўжо маецца дамоўленасць з музай Люсьена Фрэйда — Сью Цілі і выдатнай брытанскай актрысай Крысцін Мілфард, — дадае мастацкі кіраўнік HUNCHtheatre. — І вядома, з мастакамі — як пачаткоўцамі, так і майстрамі. Паколькі ўсё раблю сам, то буду вучыцца па ходзе, і запрашаю ўсіх жадаючых паўдзельнічаць у працэсе», — адкрыты да супрацы акцёр.
Нагадаем, што на пачатку года Уладзімір Шчэрбань распачаў цыкл арт-увасабленняў твораў са збору Беларускай бібліятэкі і музея імя Францішка Скарыны ў Лондане. Першай працай у яго серыі стала арт-рэпліка гравюры “Гусляр” Барыса Заборава. Нядаўна аўтар увасобіў гламурнага Чорта з калекцыі лялек скарынаўскай батлейкі.
Паглядзіць першы сюжэт на канале беларуска-брытанскага рэжысёра можна тут.
Сачыць за праектам арт-рэплік творцы тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram