«Беларусьфільм» анансаваў агульнанацыянальную прэм’еру — поўнаметражны анімацыйны фільм «Мемарыяльныя комплексы Беларусі»

«Спойлер: без слёз глядзець нельга» — такім выслоўем Міністэрства культуры анансуе выхад на экраны новай прадукцыі кінастудыі «Беларусьфільм» — поўнаметражнага анімацыйнага фільма «Мемарыяльныя комплексы Беларусі». Прэм’еру на ўсіх экранах краіны абяцаюць 27 чэрвеня. Трэйлер карціны сёння быў выкладзены ў тэлеграм-канале ведамства.

«Карціна, у якой злучыліся анімацыя і дакументальнае кіно, складаецца з 5 гісторый пра мемарыяльныя комплексы Беларусі, убачаныя вачыма дзяцей вайны і сённяшніх хлапчукоў і дзяўчынак», — распавядаецца пра новую стужку.

«Туды ўвайшлі гісторыі пра мемарыяльныя комплексы «Ола», «Аперацыя «Баграціён», «Дзецям — ахвярам ВАВ», «Прарыў» і «Буйніцкае поле», — падзялілася інфармацыяй пра новы прадукт на нядаўнай прэс-канферэнцыі начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Ірына Дрыга.

Скрын з трэлейра.

«У нас вельмі шмат мемарыяльных комплексаў, таму ў мяне ўзнікла ідэя паказаць, дзе яны знаходзяцца, а таксама расказаць гісторыі таго часу ў анімацыйнай форме, — дадаў на сустрэчы з прэсай кінарэжысёр студыі анімацыйных фільмаў Канстанцін Андрушачкін. — Гэта 5 розных фільмаў, аб’яднаных у дастаткова суцэльны альманах. Было выкарыстана 3 анімацыйныя тэхнікі: рысаванае кіно, эклер і перакладка. Мы працуем з перакладкай, якая заснавана на рэальных мастацкіх працах. Анімацыйнае кіно метафарычнае па сваёй сутнасці, вобразнае і мастацкае, таму пра нейкія рэчы яно можа расказаць больш пранізліва, чым іншыя віды кінематографа», — пахваліўся ён.

«Мемарыяльныя комплексы» ствараліся на анімацыйнай студыі «Беларусьфільма» цягам гэтага і мінулага года. У вытворчасці альманаха, як Reform.news пісаў раней, былі задзейнічаны творчыя групы нешматлікіх беларускіх рэжысёраў-аніматараў, якія засталіся працаваць на студыі пасля ідэалагічных «чыстак». Творцы, якія трапілі ў «чорныя спісы», засталіся па-за бортам вытворчага і творчага працэсаў. На пачатку 2024 года не быў працягнуты кантракт з рэжысёрам-аніматарам Аляксандрам Ленкіным, які ўдзельнічаў у праекце. Для незалежных адмыслоўцаў ідэя альманаха яшчэ на этапе запуску выклікала пытанні.

Які сэнс рабіць сродкамі анімацыі тое, што можна зрабіць у дакументальным кіно? — каментавала Reform.news канцэпт праекта адна з крыніцаў.

«Мы ў нейкай меры былі першаадкрывальнікамі фільмаў аб Вялікай Айчыннай вайне ў анімацыйнай форме», — заявіў на прэс-канферэнцыі Канстанцін Андрушачкін.

Але на кінастудыі выходзілі анімацыйныя стужкі пра Вялікую Айчынную вайну — і ў мінулыя гады, ды ў дзесяцігоддзі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.