На працягу апошніх дваццаці год беларускае культурнае поле функцыянавала ва ўмовах пастаяннага ціску і абмежаванняў з боку беларускай дзяржавы1. Пасля 2020 года рэпрэсіі прынялі масавы характар. На студзень 2023-га ў палітычным зняволенні знаходзяцца 115 культурных дзея:чак, і кожны месяц расце колькасць адміністратыўных і крымінальных спраў у дачыненні да тых, хто займаецца падтрымкай незалежных культурных праектаў2.
Дзяржаўны пераслед, парушэнне працы культурных інстытуцый, арышты дзея:чак культуры і ліквідацыя незалежных культурных аб’яднанняў сталі новай паўсядзённасцю. Нягледзячы на ціск і рызыкі, беларуская культура працягвае не толькі асэнсоўваць траўматычны досвед 2020 года, але і вырабляе новыя сэнсы, стварае і ўмацоўвае прасторы для грамадскага дыялогу і выбудоўвае транслакальныя і транснацыянальныя сувязі.
У гэтым тэксце будзе разгледжана некалькі асноўных стратэгій рэагавання беларускага культурнага поля на палітычны і сацыяльны крызісы пасля 2020 года. Фокус будзе зроблены на працэсах «нацыянальнага адраджэння», практыках калектыўнага клопату і досведзе нізавой кааперацыі. Гэтыя тры стратэгіі не з’яўляюцца вычарпальнымі, але даюць магчымасць убачыць некаторыя патэрны ўнутры розных супольнасцяў, груп і калектываў, занятых у культурнай сферы.
На практыцы гэтыя працэсы часта ўзаемадапаўняюць адзін аднаго. Працуючы з кропкі крызісу, беларускія культурныя дзеяч:кі выкарыстоўваюць усе даступныя інструменты перапрацоўкі і трансфармацыі досведу пасля 2020 года.
Па даных Цэнтра новых ідэй, менавіта пратэсты 2020 года для многіх беларусаў былі адпраўным пунктам у асэнсаванні «нацыі» і «нацыянальнай ідэнтычнасці»3. «Нацыянальнае адраджэнне» атрымала свой старт разам з хваляй узаемападтрымкі беларус:ак і было названа Аб’яднаным пераходным кабінетам — галоўным вектарам адбудовы беларускай культуры4.
У 2022 годзе катэгорыя «нацыянальнай ідэнтычнасці» для беларускай культурнай прасторы набыла яшчэ большую запатрабаванасць. Вайна Расіі ва Украіне і неабходнасць дыстанцавацца ад каланіяльных амбіцый краіны-агрэсара шмат для каго сталі паваротным момантам у асвойванні (або вяртанні) беларускай мовы як сімвалічнага бар’ера ад ваеннай экспансіі.
Цікавасць да беларускай гісторыі, спробы асэнсаваць квазікаланіяльны вопыт Беларусі і яе залежнасці ад Расіі далі штуршок для развіцця шматлікіх культурных праектаў і ініцыятыў. «Нацыянальнае адраджэнне» як комплекс практык і дзеянняў, накіраваных на адбудову і асваенне мінулай беларускай культуры і страчанай беларускай мовы, дало прастору для праектаў па прасоўванні мовы і стварэнні культурных прадуктаў на ёй, цікавасці да этнаграфіі і захаванні беларускіх абрадаў, гістарычных даследаванняў беларускага кантэксту і крэатыўнай працы з ім5.
Разам з гэтым само паняцце «нацыя» ў рамках стратэгіі нацыянальнага адраджэння часта імкнецца да апоры на гістарычны міф пра «славутае мінулае Беларусі». Так, нацыянальнае адраджэнне нерэфлексіўна звязваецца з забытымі і страчанымі героямі, супольнасцямі і іх традыцыямі, паступовае вяртанне да якіх дапаможа ў калектыўным прысвойванні «нацыянальнай ідэнтычнасці» і нацыябудаўніцтве.
Такая рэканструкцыя культурнага і гістарычнага досведу, прапушчаная праз палітычную прызму і парадак дня канкрэтных актараў, рэпрэзентуе Беларусь і беларус:ак гамагенным наборам культурных і сацыяльных практык6. Зводзячы «нацыянальную ідэнтычнасць» да досведу страты «нацыянальных» багаццяў: шляхты, вёскі, пакалення расстраляных паэтаў, адзення, абраднасці, рэлігіі — «нацыя» крышталізуецца як кансерватыўная, рыгідная структура, арыентаваная выключна на аднаўленне ўжо страчанага без крытычнага асэнвання гэтага мінулага.
Рэальная ж культурная шматзначнасць і складанасць беларускага кантэксту, сувязі ўнутры Беларусі паміж супольнасцямі з рознымі каштоўнымі арыентацыямі і іх уплыў на беларускую культуру, шматпланавасць сацыяльных і моўных зносін аказваюцца маргіналізаванымі. Уразлівыя групы — жанчыны, ВІЧ-пазітыўныя людзі, людзі з інваліднасцю, пажылыя людзі, ЛГБКТ+ людзі — выключаюцца з такога нацыянальнага дыскурсу, як нязначныя для наратыву аб гісторыі Беларусі.
Калі нацыянальнае адраджэнне факусуецца на мінулых дасягненнях, то калектыўная салідарнасць працуе з месцам агульнай траўмы. Практыка клопату і гаення траўмы (trauma care and healing) у культурнай сферы становіцца спробай трансфармаваць балючы досвед і праз сумесныя дзеянні выпрацаваць бачанне магчымай будучыні.
Шматлікая колькасць групавых выставак і падзей, якія працуюць з дэканструкцыяй савецкага мінулага і беларускай сучаснасці, пошукам агульнага і асэнсавання рознага паміж пакаленнямі беларускіх культурных дзеяч:ак і калеж:анак з краін Усходняй Еўропы і Балтыі, факусуецца на крытычным асэнсаванні падзей блізкай і далёкай гісторыі Беларусі. Персанальны і калектыўны досвед жыцця ў Беларусі становіцца інструментам даследавання магчымасцей падтрымліваць адна адну і будаваць новыя супольнасці, якія часта выходзяць за межы канкрэтных краін7.
Вымушаная міграцыя беларускіх культурных дзеяч:ак, страта дома (часам — падвойная ці патройная), адчуванне небяспекі, мастацкай нематы, фізічнай і псіхалагічнай знясіленасці фармуюць мову культуры, арыентаваную на эмпатыю да падзей, рэзануючых з беларускім досведам.
Яскравым прыкладам калектыўнага клопату і салідарнасці і з боку культурнага, і палітычнага, і грамадзянскага поля можа паслужыць імгненны антываенны адказ беларус:ак на вайну Расіі ва Украіне і ўдзел у супраціве. Беларускія культурныя і грамадзянскія актывіст:кі бралі ўдзел не толькі ў пратэсных акцыях і дзеяннях прамой дапамогі ўкраін:кам, якія пацярпелі ад дзеянняў Расеі, але і арганізавалі транснацыянальныя праекты салідарнасці. Адным з такіх буйных праектаў можна назваць Антываенную кааліцыю, праект архівавання і распаўсюджання мастацкіх выказванняў супраць расейскай вайны, ініцыяваны Амбасадай Культуры і групай беларускіх працаўні:ц культуры8.
Вайна Расеі ва Украіне была не адзінай падзеяй, вакол якой кансалідаваліся намаганні беларускага культурнага поля. Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі, Латвіі і Літвы, пратэсты ў Іране, вайна Азербайджана і Арменіі мабілізавалі і культурныя, і грамадзянскія ініцыятывы.
Разам з гэтым такое актыўнае ўключэнне ў рэгіянальныя і глабальныя працэсы ў многіх выпадках аказваецца пабудаваным на асабістым укладзе. У сувязі з масавай прымусовай ліквідацыяй НДА ў Беларусі культурныя дзеяч:кі вымушаны будаваць працэсы салідарнасці з нуля. Адсутнасць паўнавартасных арганізацыйных структур, недахоп фінансавых і чалавечых рэсурсаў вядзе да самаэксплуатацыі ў культурным полі і павялічвае яго сацыяльную і эканамічную ўразлівасць.
Зачыстка культурнага поля ў Беларусі і эміграцыя ў іншыя краіны шмат у чым замарозілі ці разбурылі тыя структуры працы, якія існавалі ў сферы культуры раней. Але гэта падштурхнула да фармавання і актывізацыі нізавых ініцыятыў, якія гатовы рэагаваць на культурныя запыты тут і зараз.
Актыўная праца дыяспар і супольнасцяў унутры Беларусі паказвае, што пашырэнне доступу да культурнага поля дапамагае ў выбудоўванні інклюзіі, дзе асэнсоўваюцца і прагаворваюцца патрэбы розных груп9. Магчымасць уключацца ў культурныя працэсы і прыўносіць нябачны для буйных культурных актараў парадак дня дае штуршок для больш глыбокага даследавання беларускай культуры і пашырэння яе межаў10.
Кааперацыя на нізавым узроўні, аб’яднанне рэсурсаў і ўзаемадапамога ў арганізацыі мерапрыемстваў, фестываляў, культурных лабараторый, тэатральных пастановак, у тым ліку будуючых палітычныя выказванні (напрыклад, абарону правоў мігранта:к або правоў жанчын), дазваляе ствараць альтэрнатыўныя бачанні таго, чым з’яўляецца беларуская культура і як яна можа быць напоўнена. На прыкладзе дыяспаральных кам’юніці-цэнтраў можна пабачыць, наколькі разнастайныя запыты і інтарэсы беларуса:к у эміграцыі: яны і вывучаюць культуру прымаючай краіны, і аднаўляюць сувязі ўнутры сваёй супольнасці, і шукаюць новыя арыенціры для жыцця ў новых месцах11.
Нягледзячы на шматлікія поспехі, нізавая кааперацыя застаецца абмежаванай. У большай колькасці выпадкаў удзел у нізавых калектывах адбываецца на валанцёрскім рэсурсе, што непазбежна прыводзіць да складанасцяў з устойлівасцю і доўгатэрміновасцю такіх праектаў.
Што такое беларуская культура, як захаваць яе і пры гэтым даць магчымасць новым суполкам далучыцца да сутворчасці ў ёй? Як салідарызавацца з іншымі і падтрымліваць свае супольнасці? Беларускае культурнае поле шукае адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні.
Ствараючы культурнае поле як адкрытую прастору для выказванняў розных груп, асэнсоўваючы беларускую «нацыянальную ідэнтычнасць» не як набор загадзя вызначаных моўных і культурных нормаў, а як пластычную структуру, даступную для перавызначэння, беларускія культурныя дзеяч:кі могуць сфармуляваць культуру як прастору салідарнасці, інклюзіі і ўзаемнага клопату. Гэтыя каштоўнасці, якія прагучалі і аформіліся ў 2020-м, актуальныя для беларуса:к і ўнутры краіны, і за яе межамі.
«Пятая рэспубліка» — гэта дыскусійна-аналітычны праект, які рэалізуецца «Офісам па адукацыі для Новай Беларусі» ў партнёрстве з ютуб-каналам «Маланка» і анлайн-выданнем Reform.by