Аэропорт Нарсарсуак. Скриншо Google Maps
ЗША збіраюцца адкрыць дзве ваенныя базы ў Грэнландыі пасля падпісання трохбаковага пагаднення, якое павінна адбыцца ў рамках Генасамблеі ААН.
Паводле інфармацыі Reuters, ЗША плануюць аднавіць ваенную базу часоў халоднай вайны на поўдні Грэнландыі ў Нарсарсуаку. Яшчэ адна база будзе створана на ўсходнім узбярэжжы вострава на базе пункта дацкай патрульнай службы ў Местэрсвігу.
Авіяцыйная база Bluie West One у Нарсарсуаку была закрытая яшчэ ў 1958 годзе. Яе будаўніцтва пачалі ў 1941 годзе, а з 1942 года яна прымала самалёты. База выкарыстоўвалася як месца прамежкавай пасадкі пры перагоне ваенных самалётаў паміж ЗША і Еўропай. Яе значэнне знізілася пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, аднак ЗША яшчэ некаторы час выкарыстоўвалі яе для дазапраўкі ваенных самалётаў пры трансатлантычных пералётах. Патрэба ў базе знікла пасля з’яўлення дазапраўкі ў паветры і адкрыцця іншай базы на востраве ў Туле.
Пасля закрыцця ваеннага аб’екта ў Нарсарсуаку застаўся аэрапорт, які рэгулярна выкарыстоўваўся пілотамі малой авіяцыі, што здзяйснялі пералёты паміж Еўропай і Амерыкай праз Паўночную Атлантыку. Ён таксама прымаў рэйсы з Ісландыі і самалёты, якія выконвалі палёты ўнутры Грэнландыі. Аднак яшчэ ў красавіку гэтага года, пасля адкрыцця новага аэрапорта Какортак на поўдні Грэнландыі, Нарсарсуак спыніў прыём камерцыйных і транзітных рэйсаў і стаў дзейнічаць толькі як верталётная пляцоўка.
Падпісанне трохбаковага пагаднення паміж Даніяй, ЗША і Грэнландыяй запланавана на сёння. Раней Дональд Трамп заявіў, што яно забяспечвае ваенную прысутнасць ЗША на востраве, а таксама прыярытэт амерыканскіх інвестыцый.
Трэба адзначыць, што ЗША і цяпер маюць магчымасць размяшчаць у Грэнландыі свае ваенныя аб’екты.
Як адзначае агенцтва, у часы халоднай вайны ЗША мелі ў Грэнландыі на піку 17 ваенных аб’ектаў, на якіх былі раскватараваныя больш за 10 тыс. вайскоўцаў. Цяпер на востраве застаўся толькі адзін аб’ект: база ў Пітуфіку, дзе служаць каля 150 амерыканскіх вайскоўцаў.