ЗША прапанавалі Еўропе план па вяртанні Расіі ў сусветную эканоміку — WSJ

ЗША прапанавалі Еўропе план па вяртанні Расіі ў сусветную эканоміку і аднаўленні паставак энерганосьбітаў. Пра гэта піша The Wall Street Journal са спасылкай на двух амерыканскіх і еўрапейскіх службовых асоб.

Паводле іх інфармацыі, адміністрацыя Дональда Трампа перадала еўрапейскім партнёрам дакументы, у якіх выкладзена яе бачанне аднаўлення Украіны, а таксама рэінтэграцыі РФ у сусветную эканоміку пасля заканчэння вайны. У іх апісваюцца планы ЗША выкарыстаць прыблізна 200 млрд долараў замарожаных расійскіх актываў для праектаў ва Украіне, уключаючы будаўніцтва вялікага новага цэнтра апрацоўкі даных, які будзе працаваць ад ЗАЭС.

Яшчэ адзін дакумент датычыцца інвестыцый ЗША ў стратэгічныя сектары ў Расіі: ад здабычы рэдказямельных элементаў да бурэння нафтавых свідравін у Арктыцы, а таксама садзейнічання аднаўленню патокаў расійскіх энерганосьбітаў у Заходнюю Еўропу і астатні свет.

У Еўропе паставіліся да прапаноў скептычна. Адзін з суразмоўцаў газеты параўнаў іх з заявамі Дональда Трампа аб будаўніцтве курорта ў сектары Газа. Іншы параўнаў іх з эканамічным варыянтам Ялцінскай канферэнцыі 1945 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!