ЗША атакавалі іранскі востраў у Армузскім праліве
Рэдакцыя Reform.news · 31 жніўня 2026, 07:41
https://reform.news/be/zsha-atakavali-iranski-vostra-u-armuzskim-pralive/Цэнтральнае камандаванне ЗША атакавала іранскі востраў Ларк у Армузскім праліве. Мэтай удару былі пускавыя ўстаноўкі Корпуса вартавых ісламскай рэвалюцыі, якія выкарыстоўваюцца для мініравання воднай артэрыі. Бакі не абменьваліся ўдарамі на працягу месяца.
У заяве камандавання гаворыцца, што КВІР рыхтаваўся да паўторнага мініравання Армузскага праліва. На мінулым тыдні амерыканскія вайскоўцы завяршылі размініраванне міжнародных суднаходных шляхоў.
Цэнтральнае камандаванне таксама адхіліла абвінавачанні іранскага боку ў агрэсіі.
«Па сутнасці, Іран стварыў пагрозу, а амерыканскія вайскоўцы ліквідавалі яе, каб абараніць грамадзянскіх маракоў, камерцыйнае суднаходства і свабодны рух сусветнага гандлю», — гаворыцца ў заяве.
Іранскі бок абвясціў, што выпусціў балістычныя ракеты па амерыканскай базе ў Іарданіі, знішчыўшы інфраструктуру тэхнічнага абслугоўвання і пункты размяшчэння знішчальнікаў. Узброеныя сілы Іарданіі заявілі, што перахапілі восем ракет, якія праніклі ў паветраную прастору краіны рана раніцай у панядзелак.
Тым часам прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у сваёй сетцы Truth Social апублікаваў згенераваны ШІ невялікі ролік пра ўдар па іранскім востраве Харк, дзе знаходзіцца галоўны нафтавы тэрмінал ісламскай рэспублікі.
«Востраў Харк разнесены на шматкі!!!» – падпісаў Трамп відэа.
