Значная частка літоўскіх грузавікоў, якія затрымаліся ў Беларусі, вярнулася да працы — Ругінене

Прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене заявіла, што значная частка грузавікоў літоўскіх перавозчыкаў, якія былі заблакаваныя ў Беларусі, ужо вярнулася да працы.

«У нас ёсць інфармацыя, што значная колькасць грузавікоў ужо працягвае працаваць, курсіруючы паміж Літвой і Беларуссю, невялікая колькасць усё яшчэ знаходзіцца ў Беларусі, мы працуем над гэтым, але сітуацыя паступова вырашаецца», — цытуе яе Delfi.

Ругінене не стала ўдакладняць, колькі менавіта грузавікоў ужо зноў працуюць на сваіх маршрутах. Як піша партал, кіраўніца ўрада выказала ўпэўненасць, што гэта пазітыўны вынік амерыканскай дыпламатыі, а таксама працы літоўскіх органаў.

«Мы памятаем, што пагрозы будуць заўсёды, але давайце таксама памятаць, што нашы інстытуты рыхтуюцца і адаптуюцца да гэтых складаных сітуацый — мы ўжо не тыя, што былі два месяцы таму, мы зрабілі шмат крокаў, змянілі многія алгарытмы, і ўжо цяпер можам з упэўненасцю сказаць, што некаторыя рэчы сапраўды адбываюцца інакш», — дадала яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!