Фото: pixabay
Беларускі спартсмен-цяжкаатлет, злоўлены на допінгу, заплаціў дзяржаве 120 тысяч рублёў. Пра выпадак расказалі ў пракуратуры.
У снежні 2023 года ДУ «Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі Стайкі» прыняў яго на пасаду спартсмена-інструктара нацыянальнай каманды Беларусі. Яго таксама ўключылі ў склад зборнай на 2024 год.
Спартсмен парушыў антыдопінгавыя правілы, за што яго дыскваліфікавалі на чатыры гады ў ліпені 2024 года. Пасля гэтага з ім быў скасаваны працоўны дагавор. Заканадаўствам прадугледжана, што спартсмены, звольненыя з-за допінгу, павінны выплаціць грашовую кампенсацыю наймальніку, а таксама пакрыць сродкі, затрачаныя на іх падрыхтоўку.
“Паводле прадстаўленых рэспубліканскім цэнтрам алімпійскай падрыхтоўкі звестак, па стане на дату скасавання тэрміновага працоўнага дагавора сума, якая падлягала кампенсацыі, складала 3 тыс. базавых велічынь (120 тыс. рублёў).
Падчас правядзення дасудовай праверкі ў добраахвотным парадку адказчыкам было кампенсавана 50 тыс. рублёў. Пасля папярэдняга судовага пасяджэння адказчык добраахвотна аплаціў усю астатнюю суму выдаткаў у памеры 70 тыс. рублёў”, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.
З са спартсмена таксама спагналі дзяржаўную пошліну ў памеры 3,5 тыс. рублёў.
На сайце Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва змяшчаецца інфармацыя пра дыскваліфікацыю ў ліпені 2024 года Ягора Грынько.