Зяленскі: ЗША, падобна, спрабуюць схіліць Украіну да капітуляцыі

ЗША робяць крокі, якія, падобна, накіраваныя на тое, каб схіліць Украіну да капітуляцыі. Пра гэта Bloomberg заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

“Складваецца ўражанне, што робяцца крокі, мэта якіх — схіліць Украіну да капітуляцыі. Я не сцвярджаю, што менавіта такую мэту пераследуюць нашы партнёры. Мне не хочацца думаць, што нашы амерыканскія партнёры мяркуюць, быццам вайну можна завяршыць хутчэй за кошт Украіны. Але выглядае гэта менавіта так”, – сказаў ён.

Уладзімір Зяленскі адзначыў, што перыяд перад прамежкавымі выбарамі ў ЗША будзе вельмі складаным.

“Наперадзе небяспечныя дні — напярэдадні выбараў. Мая прапанова была такой: мы не чапаем расійскі дызель, а вы даяце нам ракеты для сістэм Patriot, каб мы маглі абараніць нашы аб’екты. Але ад нас патрабуюць толькі спыніць атакі на НПЗ. А калі мы працягнем наносіць удары, нам пагражаюць адключэннем ад чагосьці яшчэ”, – сказаў ён.

Украінскі прэзідэнт пры гэтым не выключае, што пасля амерыканскіх выбараў, якія пройдуць 3 лістапада, сітуацыя можа стаць больш спакойнай.

“У перадвыбарны перыяд палітыка становіцца вельмі агрэсіўнай. Цяпер назіраецца свайго роду агонія, але пасля выбараў жыццё працягнецца, і, думаю, стане спакайней», – сказаў ён.

Пакуль жа ЗША абмяжоўваюць працу ваеннай версіі Starlink, затрымліваюць пастаўкі ракет для комплексаў Patriot, у тым ліку і тых, якія ўжо былі аплачаныя. Цяпер, паводле слоў украінскага прэзідэнта, ЗША перадаюць толькі 12 ракет-перахопнікаў у месяц.

«Думаю, што ў прэзідэнта Злучаных Штатаў сапраўды добрыя адносіны з Пуціным. Але ёсць адзін нюанс: на дадзены момант Трамп не можа прымусіць Пуціна спыніць вайну», – дадаў ён.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп тым часам у чарговы раз абвінаваціў Уладзіміра Зяленскага ў тым, што той не хоча ісці на мірнае пагадненне. Ён таксама патлумачыў свой учынак з законам Ліндсі Грэма аб “пякельных санкцыях”. Трамп падпісаў указ аб іх увядзенні, але тут жа прыпыніў дзеянне санкцый. Паводле яго слоў, гэта зроблена, каб не адштурхнуць Пуціна ад стала перамоваў, а таксама ўтрымаць яго ад падтрымкі Ірана.