Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі збіраецца ў верасні сустрэцца з прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам. Пра гэта ён заявіў у каментарыі для ўкраінскіх СМІ.
“Мы дастаткова канкрэтна прагаворвалі тэрміны. Мы збіраемся ў найбліжэйшы час сустрэцца. З еўрапейцамі, амерыканцамі і мы – на ўзроўні дарадцаў.
Я збіраюся сустрэцца з прэзідэнтам Трампам. Вельмі спадзяюся, што прэзідэнт знойдзе час. Я хачу зрабіць гэта ў верасні.
А далей я, мы, мы ўсе будзем рыхтаваць і набліжаць трохбаковую сустрэчу Украіны, Расіі і Амерыкі, калі ўсе бакі пагодзяцца. Мы таксама хочам зрабіць гэта восенню, калі атрымаецца, у верасні. Чым раней, тым лепш”, – сказаў ён.
У якасці меркаваных месцаў трохбаковай сустрэчы Зяленскі назваў Турцыю, ААЭ і Швейцарыю. Паводле яго слоў, ёсць запрашэнні таксама ад іншых краін. Парадкам дня перамоў могуць быць энергетыка, пастаўкі збожжа, гуманітарныя пытанні.
Уладзімір Зяленскі падкрэсліў, што за сталом перамоў у любым фармаце павінна быць прадстаўлена Еўропа.
Адказваючы на іншае пытанне, прэзідэнт Украіны ўдакладніў, што разлічвае на сустрэчу з Трампам у дваццатых чыслах верасня. На ёй ён таксама хоча ўзняць пытанне падтрымкі амерыканцамі ўкраінскай ракетнай праграмы.
