Скриншот видео
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што за апошнія тыдні Расія два разы спрабавала атакаваць яго самалёт беспілотнікамі. Пра гэта ён расказаў у інтэрв’ю CBS News.
«У Малдове, мой прэзідэнцкі самалёт быў там, таму яны атакавалі Малдову. Магчыма, яны не хацелі атакаваць асабіста мяне… Калі мы вярталіся дадому, зноў праз Кішынёў, яны зрабілі тое ж самае», — заявіў ён.
Нагадаем, 8 верасня Зяленскі прыляцеў у Нарвегію праз Малдову. Прэм’ер-міністр Нарвегіі заявіў, што самалёт Зяленскага ледзь не сутыкнуўся з беспілотнікам пры ўзлёце ў Малдове. Пазней СМІ ўдакладнілі, што рэйс быў затрыманы з-за дрона ў паветранай прасторы Малдовы. Пра другі інцыдэнт не паведамлялася.
Каментуючы ўдар па чыгунцы каля польскай мяжы, калі там знаходзіўся цягнік з еўрапейскімі чыноўнікамі, Зяленскі выказаў здагадку, што Расія магла ведаць пра пасажыраў цягніка.
«Можа, яны [расіяне — заўв. Reform.news] не ведалі, што амерыканцы і іншыя там былі, можа, наадварот, яны ведалі. Я не давяраю ім. Я думаю, яны ведалі. Таму яны і атакавалі, калі еўрапейцы, амерыканцы, вялікая дэлегацыя была ў тым цягніку», — сказаў Зяленскі.