Владимир Зеленский и Елена Зеленская. Фото: president.gov.ua
Самалёт прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага ледзь не апынуўся пад ударам беспілотніка пры вылеце з Малдовы ў Осла. Пра гэта прэм’ер-міністр Нарвегіі Ёнас Гар Стэрэ распавёў нарвежскаму тэлеканалу NRK.
«Яго самалёт ледзь не сутыкнуўся з беспілотнікам падчас узлёту ў Малдове. Такая рэальнасць, у якой ён знаходзіцца», — заявіў ён.
Зяленскі прыбыў у Осла ў аўторак увечары з Малдовы для ўдзелу ў пахаванні караля Харальда V. Як адзначае NRK, у ноч на сераду расійскія беспілотнікі атакавалі памежны з Украінай рэгіён Малдовы. З-за гэтага на ноч быў закрыты памежны пункт “Старакозаче”. Аэрапорт, адкуль вылецеў Зяленскі, знаходзіцца прыкладна за дзве гадзіны язды ад яго.
“Учора ў паветранай прасторы над Малдовай узнікла пагроза з боку дронаў, што прывяло да затрымкі самалёта Зяленскага, які ляцеў у Осла. З такімі пагрозамі ён сутыкаецца кожны дзень. Невядома, наколькі блізка дроны знаходзіліся да яго самалёта”, – заявілі ў канцылярыі нарвежскага прэм’ера.
Раней прэм’ер-міністр Малдовы Васіле Тофан заяўляў, што толькі за жнівень на тэрыторыю Малдовы ўпала 17 беспілотнікаў.
Падчас візіту ў Нарвегію прэзідэнт Украіны правёў некалькі сустрэч з нарвежскім прэм’ер-міністрам, абмеркаваўшы вайну ва Украіне і патрэбу ў дадатковых сістэмах супрацьпаветранай абароны.
Перад пахаваннем караля Харальда ўкраінскі прэзідэнт зноў наведаў офіс нарвежскага прэм’ера.
Паводле слоў Стэрэ, ён спытаў Зяленскага, як прайшла яго ноч. Той адказаў, што ноч была цяжкай: ён заставаўся на сувязі і атрымліваў паведамленні пра месцы падзення расійскіх ракет.
Міністр фінансаў Нарвегіі Енс Столтэнберг таксама прысутнічаў на сустрэчы, дзе Зяленскі распавёў пра праблемы з вылетам з Малдовы.
«Ён распавёў пра гэта ўчора ўвечары, калі ў нас была сустрэча з ім. Я не адважваюся ўдавацца ў падрабязнасці, але ён затрымаўся, і былі некаторыя пагрозы ў адрас самалёта. Але я не ведаю дастаткова падрабязнасцей, каб распавесці нешта большае», — распавёў ён.