Зяленскі: Украіна адкажа люстэркава на расійскія ўдары

Расія другі дзень парушае абвешчаны Украінай рэжым цішыні, заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.

Удары Расіі па ўкраінскіх гарадах дэманструюць, што Масква сур’ёзна не разглядае магчымасць спынення агню, падкрэсліў Зяленскі.

«Зафіксаваныя значныя пашкоджанні грамадзянскіх аб’ектаў у Харкаўскай, Сумскай, Данецкай, Херсонскай абласцях. Былі таксама ўдары па лакаматывах і інфраструктуры «Укрзалізниці» ў некалькіх рэгіёнах. Украінская энергетыка застаецца нязменнай расійскай мішэнню.

Усё гэта сведчыць пра тое, што Расія не разглядае сур’ёзна магчымасць спынення агню, і адзінае, што працягвае турбаваць расійскае кіраўніцтва, — гэта кароткатэрміновая цішыня на Краснай плошчы. Расія працягвае забіваць людзей і цалкам неадэкватна турбуецца толькі пра некалькі гадзін цішыні ў адной частцы Масквы», — сказаў Зяленскі ў звароце 7 мая.

Зяленскі папярэдзіў, што Украіна будзе дзейнічаць люстэркава, і заклікаў да канкрэтных крокаў для завяршэння вайны.

«Мы прапаноўвалі цішыню з поўначы 6 мая. Учора і сёння гэты рэжым парушаецца Расіяй. У люстэркавым парадку і ў адказ на расійскія ўдары — нашы дальнабойныя санкцыі, у адказ на гатоўнасць Расіі перайсці да дыпламатыі будзем ісці шляхам дыпламатыі.
Патрэбныя канкрэтныя крокі для завяршэння вайны, і мір усё роўна будзе дасягнуты: мы працуем дзеля гэтага. Пытанне толькі ў тым, колькі часу будзе страчана праз вар’яцтва Расіі», — сказаў прэзідэнт Украіны.

Нагадаем, Мінабароны Расіі ў аднабаковым парадку абвясціла перамір’е 8-9 мая і прыгразіла ўдарам па Кіеве ў выпадку зрыву святкавання 9 мая. Украіна абвясціла рэжым цішыні з 6 мая і папярэдзіла, што будзе дзейнічаць люстэркава.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!