Зяленскі разлічвае на візіт амерыканскіх перамоўшчыкаў на мяжы вясны і лета

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі чакае візіту ў Кіеў амерыканскіх перамоўшчыкаў у найбліжэйшыя тыдні. Ён разлічвае, што ўдасца актывізаваць дыпламатычныя намаганні па спыненні агню. Сёння Зяленскі прыняў з дакладам сакратара СНБА Рустэма Умерава, які наведаў ЗША.

“Сёння быў даклад Рустэма Умерава па выніках сустрэч у Злучаных Штатах. Перамовы змястоўныя. Узгадняем графік неабходных візітаў і чакаем у Кіеве прадстаўнікоў прэзідэнта Амерыкі на мяжы вясны і лета. Спадзяёмся, што гэтым разам атрымаецца рэалізаваць запланаванае і актывізаваць дыпламатыю”, — заявіў украінскі прэзідэнт.

Нагадаем, у гэтым годзе пачаліся перамовы ў трохбаковым фармаце з удзелам Украіны, Расіі і ЗША. Аднак працэс фактычна быў пастаўлены на паўзу з пачаткам аперацыі ЗША і Ізраіля супраць Ірана. Уладзімір Зяленскі раней ужо заяўляў пра дамоўленасці з амерыканскім бокам, якія прадугледжвалі візіт перамоўшчыкаў з ЗША ў Кіеў, а затым у Маскву. Аднак гэты план пакуль не быў рэалізаваны.

“Абмеркавалі гуманітарныя задачы, у тым ліку працяг абмену ваеннапалоннымі. Дапрацоўваем дэталі дамоўленасцей, якія могуць гарантаваць бяспеку. Важна, што ёсць канструктыў і трэба рухацца да міру, узмацняючы Украіну і двухбаковыя адносіны з Амерыкай”, — дадаў Зяленскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!