(абноўлена) Украінскія сілы ў ноч на 20 верасня нанеслі ўдары па прадпрыемстве нафтавай прамысловасці і лагістычным аб’екце ў Маскоўскім рэгіёне. Пра гэта паведаміў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
«У Маскоўскім рэгіёне гэтай ноччу вельмі адчувальна спрацавалі нашы дальнабойныя адказы. Ёсць паражэнне аднаго з ключавых прадпрыемстваў нафтавай прамысловасці РФ і аб’екта лагістыкі агрэсара. Гэта мільярды долараў, якія падтрымліваюць ваенную машыну», — напісаў ён.
Паводле слоў Зяленскага, пры нанясенні ўдараў прымяняліся FP-1, RZ-100, MICH-2000, «Паляниця», Vendetta, «Люты», «Барс», «Фламінга», «Січэнь» і Pelican.
У аперацыі ўдзельнічалі Служба бяспекі Украіны сумесна з Сіламі беспілотных сістэм, Сіламі спецыяльных аперацый, Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны і Службай знешняй разведкі.
Акрамя таго, Зяленскі паведаміў пра ўдар па прадпрыемстве ў Варонежскай вобласці, назваўшы яго «прымяненнем санкцый». Назвы атакаваных аб’ектаў і звесткі пра маштабы нанесенай шкоды ён не прывёў.
«Масква павінна не будаваць эшаланаваныя кольцы СПА за кошт іншых рэгіёнаў, а завяршыць сваю жорсткую вайну і выбраць мір», — заявіў прэзідэнт Украіны.
Зяленскі дадаў, што існуюць прапановы па дээскалацыі ў энергетыцы і сферы харчовай бяспекі, аднак для іх рэалізацыі неабходная палітычная воля.