Ольга Зазулинская. Фото: ОПК
Вызваленне палітычных зняволеных і іх прымусовае выдварэнне з Беларусі з’яўляюцца новым відам рэпрэсій. Таксама яны сутыкаюцца з рэпрэсіямі з боку беларускага рэжыму і за мяжой, заявіла Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага пераходнага кабінета Беларусі Вольга Зазулінская на пасяджэнні кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС» у Бруселі 6 сакавіка.
Зазулінская выступіла з разгорнутым дакладам пра сітуацыю з палітычнымі рэпрэсіямі і гуманітарным становішчам вызваленых палітзняволеных, паведамляе АПК.
Прадстаўніца АПК звярнула ўвагу, што беларускі рэжым стаў ужываць новую форму ціску — «памілаванне» з прымусовым вывазам з Беларусі. Улады заяўлялі пра памілаванне 293 чалавек у 2025 годзе, але праваабаронцы пацвердзілі толькі каля 200 імёнаў. З іх 175 былі прымусова выдвараныя з Беларусі. Яшчэ 387 палітзняволеных поўнасцю адбылі свае тэрміны.
Паводле розных ацэнак, з 2020 года да 500 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь, ратуючыся ад рэпрэсій, пагроз пераследу або ціску з боку сілавых структур.
Экс-палітзняволеныя, вывезеныя за мяжу, сутыкаюцца з далейшымі рэпрэсіямі: іх спрабуюць вербаваць, запалохваюць ціскам на сваякоў, уключаюць у спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», адзначыла Зазулінская.
«Гэта трансгранічны палітычны пераслед — рэпрэсіі з Беларусі пераносяцца на тэрыторыі іншых краін», — заявіла прадстаўніца АПК.
Выдвараючы палітзняволеных з Беларусі без дакументаў, Аляксандр Лукашэнка стварае лакальныя гуманітарныя крызісы ў суседніх краінах, перакладаючы на іх адказнасць за лёс людзей.
Паводле папярэдніх вынікаў даследавання, у 72% былых палітзняволеных назіраюцца сімптомы дэпрэсіі, у 21% — у цяжкай форме, у 38% — фізічныя парушэнні здароўя.
Міжнародны гуманітарны фонд вымушаны браць на сябе функцыі, якія ў звычайнай сітуацыі выконвае дзяржава, падкрэсліла Зазулінская.
У першы месяц пасля дэпартацый 13 снежня на падтрымку вызваленых было накіравана больш за 200 тысяч еўра. У чацвёртым квартале 2025 года фонд падтрымаў дзесяць арганізацый на суму каля 850 тысяч еўра — прытулкі ў Варшаве, Уроцлаве, Вільнюсе і Італіі, а таксама ініцыятывы «Вольныя», Dissidentby, INeedHelpBY, фонд «Страна для жизни» і BYSOL.
Каардынацыя дапамогі вызваленым ажыццяўляецца ў рамках АПК па сацыяльнай палітыцы пры падтрымцы офіса Святланы Ціханоўскай і аб’ядноўвае такія арганізацыі, як Цэнтр беларускай салідарнасці, НАУ, Літоўскі Freedom House, Чырвоны Крыж, «Вясна», Беларускі дом правоў чалавека, Беларускі ПЭН, БАЖ і шэраг іншых арганізацый.
Зазулінская заклікала еўрапейскія дзяржавы падтрымаць Міжнародны гуманітарны фонд.
«Вызваленне, якое суправаджаецца выгнаннем, — гэта не акт гуманнасці, а працяг рэпрэсій іншым спосабам. Калі міжнародная рэакцыя будзе зводзіцца да падзякі за такія “вызваленні”, гэтая практыка замацуецца і стане нормай. Схема “турма плюс дэпартацыя” непрымальная і павінна быць спынена», — заявіла яна.