Фото: ГУР МО Украины.
Затрыманая ва Украіне журналістка з Беларусі, якую ГУР абвінаваціла ў шпіянажы на карысць КДБ Беларусі, знаходзіцца пад вартай без права ўнясення закладу. Пра гэта паведаміла прэс-сакратарка Офіса генпракурора Мар’яна Гаёўская-Каўбасюк, піша «Укрінформ».
«Следчы суддзя Шаўчэнкаўскага райсуда 22 студзеня абраў ёй меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай без права ўнясення закладу», — расказала яна.
35-гадовую жанчыну падазраюць у працы на беларускае КДБ з 2015 года. Паводле звестак следства, у 2020 годзе яе накіравалі ва Украіну, дзе яна пад прыкрыццём журналісцкай дзейнасці спрабавала збіраць інфармацыю.
Паводле даных СБУ, падчас поўнамаштабнага ўварвання Расіі куратар агенткі накіраваў яе ў адну з краін ЕС для дадатковага інструктажу. Там ёй даручылі збіраць звесткі пра грамадзян Беларусі і Расіі, якія дапамагаюць Украіне.
Паводле іх версіі, беларуская шпіёнка таксама павінна была наладзіць сувязі з супрацоўнікамі пасольства КНР у Кіеве, каб сабраць інфармацыю пра дзейнасць кітайскіх дыпламатаў ва Украіне.
Пасля збору шырокай доказнай базы жанчыну затрымалі ў Кіеве, канфіскавалі смартфон і дыктафон, якія яна выкарыстоўвала для збору закрытых звестак.
Следчыя СБУ паведамілі ёй пра падазрэнне па ч. 1 арт. 114 Крымінальнага кодэкса Украіны (шпіянаж). Ёй пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Паводле інфармацыі Reform.news, затрыманая — Іна Кардаш.
У Беларусі да 2020 года Кардаш працавала як журналістка-фрылансер, супрацоўнічала і знаходзілася ў адносінах з сумнавядомым аператарам Васілём Сямашкам. Нагадаем, Сямашка ўдзельнічаў у правакацыі КДБ супраць карэспандэнта «Украінскага радыё» ў Мінску Паўла Шаройкі у 2017 годзе. Сямашка перадаў Шаройку нібыта сакрэтны расійскі дакумент, і ўкраінец атрымаў 8 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачанні ў шпіянажы. У 2019 годзе Украіна абмяняла Шаройку на беларускага шпіёна.
З 2020 года Кардаш у пары з Сямашкам працавала на ўкраінскі канал «112».
19 чэрвеня 2020 года яе затрымлівалі падчас мірнай акцыі пратэсту. У тым жа годзе яна пераехала ў Кіеў і паспела папрацаваць на «112» і на «Інтэрфакс-Украіна».
Вядома, што Кардаш навучалася на журналіста ў ЕГУ.