За месяц да зімы ў Беларусі зацвілі валошкі: людзі ў захапленні, кветкі ў небяспецы
Рэдакцыя Reform.news · 2 лістапада 2026, 10:40
https://reform.news/be/za-mesjac-da-zimy-belarusi-zacvili-valoshki-ljudzi-zahaplenni-kvetki-nebjaspecy/Беларусы посцяць у сацыяльных сетках зачаравальныя фота валошак у марозным тумане: сінія палі на фоне жоўтых паўголых дрэў. Звычайна цвіценне валошак доўжыцца з чэрвеня па жнівень, у рэдкіх выпадках да пачатку кастрычніка, але сёлетняя восень выдалася цёплай і зацяжной, і падманутыя валошкі зацвілі паўторна.

«Першы раз на сваёй памяці бачу такое. Лістапад, а на фоне жоўтых дрэў — цэлае поле валошак замест перапаханай зямлі. Цуд ды і толькі», – з такім подпісам Аляксей Угольнікаў публікуе зачаравальныя фота валошкавых лугоў у Магілёўскім раёне.

Паводле ацэнкі Белгідрамета, гэты кастрычнік мае ўсе шанцы ўвайсці ў пяцёрку самых цёплых кастрычнікаў у гісторыі назіранняў па Беларусі, а апошні тыдзень месяца быў на 3–5 градусаў цяплейшы за кліматычную норму: удзень на поўдні даходзіла да +16. 
Але ўжо ў найбліжэйшыя дні сіноптыкі чакаюць замаразкі да −3, і лістападаўскія валошкі не паспеюць даць спелага насення. Чым больш расліна ўклала ў позняе цвіценне, тым горш яна перажыве зіму, а можа і не перажыць. Але гэта не адмяняе трывожную прыгажосць таго, што адбываецца.




«Магілёў, усім прывітанне! Глядзіце, якая прыгажосць у 10 хвілінах ад горада. Сядайце ў машынкі і парадуйце сваіх мам, жонак, дачок. Або папесціце сябе гэтым цудоўным букетам. Памятайце, што мы – беларусікі, мы вельмі культурныя, таму поле не топчам, — рэкамендуе фатограф Уладзімір Пазнякоў у сваім відэа. — Я з сабой узяў нажніцы і разіначкі, акуратненька букецікі падрэзаў – і ўсё, яны яшчэ тыдзень, як мінімум, будуць нас радаваць».
