Фото: Reform.by
У жаночай папраўчай калоніі №4 у Гомелі з мінулай пятніцы з-за надзвычайнага здарэння забаранілі ласцікі для дэпіляцыі, піша Mayday.Team.
Ласцік-дэпілятар уяўляе сабой брусок з абразіўнай паверхняй з нанашкла. Ён складаецца з тонкай загартаванай шкляной пласціны з абразіўным напыленнем. НЗ у калоніі было звязана з выкарыстаннем такой пласціны, заяўляюць праваабаронцы.
Гэта ўжо другая падобная забарона за кароткі час. З 1 красавіка ў калоніі канфіскавалі і ўтылізавалі ўсе гігіенічныя брытвы. Упершыню пра забарону аднаразовых брытвенных станкоў Mayday.Team паведамляў яшчэ 24 снежня мінулага года. Тады сваякам забаранілі перадаваць іх у рэжымных і рэчавых перадачах. Забарона была ўведзеная пасля таго, як адна са зняволеных нанесла сабе пашкоджанні лязом у знак пратэсту супраць жорсткіх умоў утрымання.
Замест брытваў зняволеным дазволілі выкарыстоўваць васковыя палоскі, ласцікі і крэмы для дэпіляцыі, якія з’явіліся ў краме калоніі. Цяпер і ласцікі апынуліся пад забаронай.