Скриншот The Insider
Пасля 2022 года ў Расіі быў створаны Цэнтр 795 — суперсакрэтная структура для самых важных аперацый, створаная з элітных сіл ГРУ і ФСБ. Як мінімум двое супрацоўнікаў новай структуры — ветэраны групы «Альфа» КДБ Беларусі, піша The Insider.
Цэнтр 795 (в/ч 75127) — звышсакрэтная і цалкам аўтаномная структура, прызначаная для найбольш важных аперацый, пачынаючы ад ваенных аперацый ва Украіне, заканчваючы палітычнымі забойствамі і выкраданнямі за мяжой. Яна была створана па рашэнні Генштаба Узброеных сіл Расіі ў снежні 2022 года і цалкам укамплектавана да чэрвеня 2023. Кіраўнік цэнтра падпарадкоўваецца непасрэдна начальніку Генштаба або намесніку міністра абароны.
Паводле інфармацыі The Insider, цэнтр базуецца на тэрыторыі вучэбнага цэнтра канцэрна «Калашнікаў», які адносіцца да «Ростэхналогій» Сяргея Чэмезава, а фінансаваць праект дапамагае алігарх і саўладальнік «Калашнікава» Андрэй Бакароў.
Усяго ў Цэнтры 795 служыць каля 500 афіцэраў, якія падзеленыя на тры ўпраўленні: разведвальнае, штурмавое і баявога забеспячэння. У падраздзяленні шмат выхадцаў з ГРУ, але вядучую ролю займаюць выхадцы з Цэнтра спецыяльнага прызначэння ФСБ — у асноўным з падраздзялення «Альфа» ФСБ. Камандзір часткі ветэран расійскай групы «Альфа» палкоўнік Дзяніс Фісенка.
Выхадцы з беларускай «Альфы» займаюць высокія пасады: палкоўнік запасу Дзмітрый Драздоў — начальнік штаба, маёр запасу Сяргей Радкевіч — начальнік 1-га (разведвальнага) упраўлення.
Расследавальнікі мяркуюць, што рашэнне рэкрутаваць Драздова і Радкевіча было мэтанакіраваным — яны не маюць расійскай інстытуцыйнай біяграфіі і не трапляюць у поле зроку замежнай контрразведкі або следчых. Абодва трапілі ў Цэнтр 795 праз канцэрн «Калашнікаў», не засвяціўшы сваёй сувязі з расійскімі вайскоўцамі або спецслужбамі.
Хоць цэнтр ствараўся як звышсакрэтная аўтаномная структура, цалкам ізаляваная ад знешняга свету, перш за ўсё ад электроннага пранікнення, адзін з афіцэраў усё ж быў затрыманы ў Калумбіі. Яго ўдалося выкрыць дзякуючы таму, што ён карыстаўся сэрвісам Google Translate для зносін са сваім напарнікам, які валодаў сербскахарвацкай мовай і не разумеў рускую.