Выдавецтва “Тэхналогія” прызнана “экстрэмісцкай арганізацыяй”

Выдавецтва “Тэхналогія” прызнана “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Адпаведны запіс з’явіўся ў пераліку “экстрэмісцкіх фарміраванняў”, які вядзе МУС.

З яго вынікае, што “НВК “Тэхналогія” быў прызнаны экстрэмісцкай арганізацыяй Эканамічным судом Мінска 10 чэрвеня. У пералік пазіцыя дададзеная сёння.

У красавіку гэтага года Мінінфарм прыпыніў дзеянне пасведчання распаўсюджвальніка друкаваных выданняў НВК «Тэхналогія».

У лютым у Мінску прайшлі масавыя затрыманні выдаўцоў і распаўсюджвальнікаў кніг. Сярод іншых былі затрыманыя заснавальнік выдавецтва Вацлаў Багдановіч, яго жонка Алена і дочкі Антаніна і Вікторыя. Пазней усіх, акрамя Вікторыі Багдановіч, вызвалілі. Таксама быў затрыманы галоўны рэдактар выдавецтва Дзмітрый Санько.

3 сакавіка КДБ прызнаў «экстрэмісцкім фарміраваннем» «Кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Вацлаў Багдановіч быў пазначаны сярод датычных да «фарміравання».

Навукова-вытворчы кааператыў «Тэхналогія» быў заснаваны ў 1988 годзе і стаў першым прыватным выдавецтвам у Беларусі. Асноўныя напрамкі дзейнасці — кнігавыданне (навуковыя, навукова-папулярныя, даведачныя, літаратурна-мастацкія выданні на розных мовах), паліграфія (выпуск кніг, брашур, бланкаў, буклетаў, праспектаў, календароў) і пастаўка медыцынскай тэхнікі.

Нагадаем, абвінавачанні ў экстрэмізме ў Беларусі выкарыстоўваюцца для пераследу апанентаў Лукашэнкі і іншадумства ў цэлым.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!