Выдаваў сябе за супрацоўніка ЦРУ і хацеў працаваць на КДБ Беларусі. У Польшчы асудзілі грамадзяніна Літвы

Раённы суд у Беластоку 9 студзеня вынес абвінаваўчы прысуд 43-гадоваму грамадзяніну Літвы Саўлюсу В. Пра гэта паведамілі ў Агенцтве ўнутранай бяспекі (ABW) Польшчы. Мужчына асуджаны да аднаго года пазбаўлення волі за спробу заявіць пра гатоўнасць дзейнічаць у інтарэсах замежнай разведкі супраць Польшчы і ЗША.

“Падставай для пачатку расследавання паслужылі доказы, атрыманыя супрацоўнікамі Агенцтва ўнутранай бяспекі, якія ўказваюць на тое, што Саўлюс В., выдаючы сябе за дзейнага супрацоўніка Цэнтральнага разведвальнага ўпраўлення ЗША, заявіў пра сваю гатоўнасць перадаваць інфармацыю Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на шкоду ЗША ў перыяд з 27 лістапада 2024 года па 14 сакавіка 2025 года. У сваіх дзеяннях ён выкарыстоўваў перадавыя тэхнічныя сродкі, уключаючы магчымасці штучнага інтэлекту”, — прыводзяцца ў паведамленні ABW абставіны справы.

Саўлюс В. быў затрыманы супрацоўнікамі ABW 14 сакавіка. Суд пастанавіў узяць мужчыну пад варту да суда. У прысудзе, вынесеным 9 студзеня, быў улічаны час, праведзены пад вартай. Прысуд з’яўляецца канчатковым.

Нацыянальная пракуратура таксама апублікавала свой прэс-рэліз, прысвечаны справе. Ён утрымлівае некаторыя дадатковыя дэталі.

З яго вынікае, што абвінавачаны вёў перапіску па электроннай пошце на тэрыторыі Літвы. Перапіска вялася з асобамі, якія выдавалі сябе за супрацоўнікаў беларускай разведвальнай службы.

Мужчына “заяўляў пра сваю гатоўнасць прадаставіць Камітэту дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь інфармацыю аб агентах ЦРУ, якія дзейнічаюць на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, і аб месцазнаходжанні цэнтраў ЦРУ ў Еўропе”.

“Пры гэтым ён не ведаў, што здзяйсненне гэтага дзеяння немагчымае, паколькі гэтыя асобы толькі выдавалі сябе за прадстаўнікоў Камітэта дзяржаўнай бяспекі”, — гаворыцца ў паведамленні пракуратуры.

Адзначаецца, што мужчына прызнаў учыненне інкрымінаваных яму злачынстваў і даў падрабязныя тлумачэнні. Ён таксама падаў хадайніцтва аб вынясенні абвінаваўчага прысуду без слухання справы.

У выніку суд задаволіў запыт пракурора аб пакаранні, якое, акрамя аднаго года пазбаўлення волі, прадугледжвае канфіскацыю прадметаў, выкарыстаных пры здзяйсненні злачынства.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!