Фото: podlaski.strazgraniczna.pl
Польскія вайскоўцы зноў зафіксавалі аб’екты, якія заляцелі з Беларусі ў паветраную прастору краіны. Гэта зноў маглі быць метэазонды кантрабандыстаў.
“У ноч з 1 на 2 лютага 2026 года польскія вайсковыя радыёлакацыйныя сістэмы зафіксавалі ўход у польскую паветраную прастору аб’ектаў, падобных да паветраных шароў.
Маштаб беларускіх гібрыдных інцыдэнтаў быў значна меншы ў параўнанні з папярэднімі начамі. Супрацоўніцтва паміж Узброенымі сіламі Польшчы і службамі дзяржаўнай бяспекі дазваляе гэтым службам аператыўна рэагаваць, у тым ліку шляхам канфіскацыі аб’ектаў і затрымання асобаў, падазраваных у гэтых інцыдэнтах”, — гаворыцца ў паведамленні Аператыўнага камандавання відаў Узброеных сіл Польшчы.
Паліцыя і Памежная ахова Польшчы пакуль не інфармавалі пра выяўленне аб’ектаў, якія заляцелі з Беларусі мінулай ноччу.
Трэба адзначыць, што польскія вайскоўцы паведамляюць пра інцыдэнты з паветранымі шарамі трэці дзень запар.
Напрыканцы мінулага тыдня памежнікі Падляскага ваяводства затрымалі двух грамадзян Беларусі 37 і 39 гадоў па падазрэнні ў кантрабандзе цыгарэт з выкарыстаннем метэазондаў. Суд арыштаваў іх тэрмінам на тры месяцы на час правядзення следства.
Як адзначылі ў Падляскім аддзеле Памежнай аховы, у 2025 годзе з дапамогай метэазондаў у Польшчу было перакінута тытунёвай кантрабанды на суму больш за 3,4 млн злотых. Былі затрыманыя 29 чалавек.