Відочнае нябачнае. Як эскапізм, візуальнае і рэтратопія сталі дамінантнай мовай Мінска

Reform.news працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў спрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.

Як змяніўся Мінск за апошнія гады? Як адбіліся на яго культурным жыцці рэпрэсіі, цэнзура і расійскі ўплыў? Якія стратэгіі сёння фарміруюць яго культурны ландшафт? У новым матэрыяле ананімны аўтар даследуе бачнае і нябачнае (жыццё) гораду, які нягледзячы на зачысткі працягвае знаходзіць свае формы культурнага існавання. Што мы можам убачыць у Мінску, (не) напружваючы зрок? Чаму візуальны камфорт стаў галоўнай формай бяспекі і ці засталося ў горадзе месца для сапраўднага досведу? Аўтар спрабуе асэнсаваць горад і характар яго (культурных) трансфармацый.

Калаж: Ірына Арахоўская.

***

«Школа рыхтуе нас да жыцця, якое не існуе»

Альбер Камю «Міф пра Сізіфа», 1942

Паміж знікненнем і прысутнасцю

Мне здаецца, што, напэўна, толькі ў пачатку і сярэдзіне 1990-х можна было лёгка і без узірання назіраць Мінск як прастору, дзе праяўляюцца розныя культуры, субкультуры; месца з мноствам актыўнасцяў — ад бясплатных або капеечных паказаў альтэрнатыўных і інтэлектуальных фільмаў, дыскусій да канцэртаў і выстаў, якія адбываліся ў абсалютна розных прасторах або проста на вуліцах.

Але паступова горад станавіўся ўсё больш і больш аднастайным, вычышчаўся ад бачнай размаітасці, ператвараючыся ў ясна счытвальнае спакойнае сярэдняе шэра-умбравае прыбранае месца. Да канца 1990-х — пачатку 2000-х уся стракатасць Мінска нібыта сышла ў цень і стала нябачнай. Няма сэнсу спыняцца і апісваць прычыны гэтага «ператварэння». Здавалася, што ўсё не поп-, эксперыментальнае-, не камерцыйнае — назавем гэта альтэрнатыўным культурным жыццём — заснула, знікла, змоўкла (за невялікім выключэннем). Каб яго ўбачыць, трэба было быць яго часткай — або ўзнаўляць яго, або спажываць.

Пра бурнае варыятыўнае мінулае мы можам часам прачытаць у пастах, радзей — у артыкулах відавочцаў таго часу. Яго не вывучалі і не апісвалі, не выбудоўвалі таймлайны, не збіралі інтэрв’ю і дадзеныя. Прасцей кажучы, яго не фіксавалі і не вывучалі сістэмна як з’яву. Гэта, у сваю чаргу, стварае адчуванне нябачнасці і пустаты, «абнулення» — тэма, якая, як мне здаецца, ужо як аскома, усім надакучыла, але ўсё яшчэ пакідае свой цярпкі і непрыемны прысмак. Страта бачнай стракатасці і выцясненне альтэрнатыўных форм культуры з публічнага поля не азначала іх рэальнага знікнення — хутчэй яны змянілі спосабы існавання, перамясціўшыся ў менш прыкметныя, фрагментарныя і ўразлівыя — «партызанскія» (яшчэ адзін тэрмін, які часта выкарыстоўваецца для апісання сітуацыі ў беларускім культурным полі). Але, магчыма, нябачнасць стала не прыкметай пустаты, а вынікам адсутнасці фіксацыі, мовы апісання і ўвагі з боку даследчыкаў, медыя і інстытуцый?

Галерэя “У нескладовае”, 2010-я. Фота: citydog.by.

На шчасце, з канца 2010-х сітуацыя змянілася, і Мінск нібыта прачнуўся: сталі з’яўляцца новыя культурныя прасторы, актыўнасці і ініцыятывы (галерэя «Падземка», пазней «У нескладовае», культурная прастора «ЦЭХ», «Dotyk», MAKEOUT, ПЭН-цэнтр, TUT.BY, Art Aktivist, ECLAB, «Новая Еўропа», 34 mag, культурны цэнтр «Корпус» і многія-многія іншыя). Яны ператварыліся ў пункты прыцягнення, рэалізацыі і фарміравання разнастайнага культурнага кантэнту горада. Гэтае альтэрнатыўнае жыццё пачало прагрэсаваць і станавіцца бачным часткова таму, што змянілася функцыянаванне інфармацыйнага поля дзякуючы развіццю інтэрнэт-тэхналогій і сацыяльных сетак. Іншымі словамі, з’яўленне ў канцы 2010-х гадоў новых культурных прастораў і ініцыятыў паказала, што горад захаваў патэнцыял да самаўзнаўлення, а лічбавае асяроддзе паспяхова кампенсавала ранейшыя прабелы, зрабіўшы альтэрнатыўную\неафіцыйную культуру больш звязанай, пазнавальнай і бачнай.

Аднак падзеі 2020 года змянілі ўсё ў культурнай прасторы Мінска і краіны ў цэлым. Дваццацаты год зноў радыкальна звузіў поле бачнасці неафіцыйнай культуры і паставіў пад пытанне звыклыя формы яе прысутнасці ў горадзе. Здавалася, што настане кашмарная, задушлівая цішыня.

Альтэрнатыўнае культурнае жыццё Мінска апошнім часам існуе ў парадаксальным рэжыме: паміж знікненнем і прысутнасцю, цішынёй і ўпартай працягласцю. У культурным полі моцна зрушыліся і змяніліся пункты напружання і тэндэнцыі. Яны звязаныя не толькі з унутранай сітуацыяй у краіне, але і з трансфармацыямі, якія адбываюцца ва ўсім свеце.

Прастора “Корпус”. Фота: сацсеткі інстытуцыі.

Безумоўна, частка культурных актараў сышлі ў underground. Вярнуліся практыкі часоў СССР — закрытыя формы паказу мастацтва, канцэртаў, лекцый і сустрэч — кватэрнікі. Інфармацыю пра іх можна атрымаць толькі па «сарафанным» радыё, радзей — убачыць у сацыяльных сетках (але трэба ведаць, на каго падпісацца). Таму, улічваючы спецыфіку сітуацыі, тут не будзе ніякай інфармацыі, імёнаў пра падобныя івенты. Гэта ўсё нябачна і, як ужо заведзена па традыцыі, неапісальна. Толькі прычыны неапісанага іншыя.

Дамініраванне візуальнага

Адной з прыкметных тэндэнцый апошніх гадоў стала дамініраванне візуальнага, то-бок перавага формы, вобраза і візуальнага эфекту над зместам ва ўспрыняцці культурнага прадукту. Візуальнае становіцца ключавым інструментам уцягвання гледачоў і фарміруе іх чаканні.

Так, напрыклад, даўно дзейныя і вядомыя пляцоўкі — Нацыянальны мастацкі музей і Цэнтр сучаснага мастацтва — перапоўненыя наведвальнікамі. Дзякуючы працы папярэдняй каманды музея, прыкладна з 2018 года Нацыянальны мастацкі стаў назапашваць новую аўдыторыю, выкарыстоўваючы пэўныя стратэгіі.

Гэта папулярызацыя мастацтва праз працу з сацсеткамі, асабліва праз экскурсіі і адмову ад акадэмічнай мовы на карысць жывога спалучэння паўсядзённай гаворкі і прафесійнай тэрміналогіі — тут можна ўзгадаць Мікіту Моніча. У сваю чаргу гэта выклікала вялікі рэзананс у сацсетках, змяняючы ўяўленні пра мастацтва, музей і яго публіку. Па сутнасці, гэтыя экскурсійныя фарматы нагадвалі перформанс або шоу, што аказалася эфектыўным спосабам прыцягнення аўдыторыі.

Фрагмент выставы “Архіў. Прастора паміж” у НЦСМ. Фота: сацсеткі інстытуцыі.

Другі важны трэнд, зададзены папярэдняй камандай, — гэта ўвядзенне, скажам так, дызайну экспанавання і разуменне выставы як асобнага твора (куратарская праца Дзмітрыя Салодкага) замест традыцыйнай развескі работ. І гэта аказалася тым, што патрэбна гледачу ва ўмовах культуры, якая стала не проста лічбавай і экраннай, але яшчэ і павінна быць фота- і відэагенічнай, каб яе можна было запосціць у сацсетку. Змястоўная складовая тут адыходзіць на другі план, яна можа або «правісаць» у куратараў, або ўскользаць ад гледача, гэта не так істотна. Нягледзячы на тое, што цяпер у музеі няма такіх перформераў-экскурсаводаў і фотагенічных выстаў, глядач, нібыта па старой памяці, напаўняе залы. Магчыма, каб напоўніць свае сацсеткі? Гэтую перформанс-складовую ў працы з аўдыторыяй і тэндэнцыю да дамінавання візуальнага мы цяпер назіраем у НЦСМ, асабліва на выставах куратаркі Дзіны Даніловіч.

На дадзены момант яе выставы з’яўляюцца найбольш папулярнымі і паспяховымі ў Мінску, і менавіта на іх вы ўбачыце найбольшую колькасць цікавых маладых мастакоў\чак і крытычныя арт-выказванні.

У цэлым тэматыкі выстаў мінскіх галерэйных прастораў, напрыклад такіх як DK, A&V, «Арт-Фабрыка», «Арт-Беларусь» і іншыя пляцоўкі, не выходзяць у крытычнае поле.

Сцэна са спектакля “На чорнай-чорнай вуліцы” ў сталічным Тэатры лялек. Фота: сацсеткі інстытуцыі.

Мінскі глядач\ка аддае перавагу візуальнаму і ў тэатральнай сферы. На спектаклі Яўгена Карняга, у якога візуальнае фарміруе ўсю кампазіцыю, ствараючы неверагодную фотазону для артыстаў і гледачоў, білеты распрададзены задоўга да паказаў. Гледачы літаральна «паклалі» сайт за гадзіну продажу білетаў на прэм’еру ў 2025 годзе.

Мінскі сучасны спажывец\ка мастацтва і культуры ўсё часцей аддае перавагу візуальнаму прадукту нават у тых выпадках, калі яго змястоўнае напаўненне відавочна аслаблена, і гэта агульнасусветная тэндэнцыя. Візуальнасць найлепшым чынам адпавядае логіцы грамадства пазітыўнасці, апісанай у сваіх кнігах Бен-Чхоль Ханам (філосафам, які дыягнастуе сучаснасць). Візуальны вобраз імгненна счытваецца, выклікае афект і лёгка ўбудоўваецца ў паток лічбавай камунікацыі.

На выставе Вікторыі Крупскай і Віктара Мікалаева ў “Арт-фабрыцы”. Фота: сацсеткі інстытуцыі.

Ці значыць гэта, што ва ўмовах пастаяннай перагружанасці інфармацыяй і дэфіцыту ўвагі культура нібыта перастае быць прасторай досведу і становіцца часткай рэжыму спажывання, дзе цэніцца не глыбіня, а хуткасць і пазнавальнасць?

У тэрмінах Хана, візуальнае выцясняе змястоўнае таму, што яно пазбаўлена негатыўнасці — не раніць, не супраціўляецца і не патрабуе змены суб’екта, прапануючы замест гэтага гладкі, пазітыўны і сацыяльна ўхвалены культурны досвед. І калі трымаць ва ўвазе не толькі гэты трэнд як агульнасусветны, але яшчэ і ўлічваць бягучую сітуацыю ў краіне, то гэты сыход у візуальную прастору, пазбаўленую аналізу і негатыўнасці, нагадвае практыку эскапізму. Бачная культура горада стварае прастору, дзе чалавек можа пазбегнуць стрэсу, трывогі і страху.

Уяўная глыбіня

Што яшчэ мы можам убачыць у горадзе, не напружваючы зрок?

Канешне, агульнасусветны трэнд на рэтра! Рэгулярныя маркеты мінскага Open-шкаф, вініловыя маркеты.

Open-шкаф, напрыклад, доўжыцца некалькі дзён і ўключае не толькі продаж хатняга сэканд-хэнду, але і вырабы розных сучасных дызайнераў, діджэй-сэты, часам канцэрты, нешта падобнае да арт-інсталяцый. Арандаваныя прасторы даволі вялікія, што стварае атмасферу мола, проста цяпер у ім гуляюць новыя фланёры.

Да трэнду рэтра можна аднесці і з’яўленне новых бараў, румачных, кактэйльных, якія ўзнаўляюць атмасферу мінулага — ад брутальнага саўка («Піўная №1») да бандыцкай эстэтыкі 1990-х («Рукі ўверх») і гангстарскай Амерыкі. Тут усё залежыць ад настрою і запыту. Гэта рэтратопія Баўмана ў дзеянні, з яе ідэалізаваным мінулым, якое ствараецца як утопія, нешта бясхмарнае і беспроблемнае.

«Піўная №1». Фота: сацсеткі.

Зыгмунт Баўман звязвае рэтратопію з расчараваннем і стратай даверу да інстытутаў, адчуваннем уразлівасці ва ўмовах глабалізацыі. Асноўным спосабам яе канструявання з’яўляецца запазычанне візуальнай складовай без сапраўднага сэнсу і ведаў пра мінулае. Гэта сімуляцыя, выбудаваная выключна ў вонкава прывабных танах, звернутая да мінулых форм сацыяльнай арганізацыі, нібыта больш зразумелых і надзейных. Гэта значыць, можна сказаць, што з аднаго боку рэтра-трэнд — гэта сусветная і модная з’ява, з сыходам у дамінаванне візуальнага і пустым або замененым сэнсам, але ў нашым выпадку яна таксама працуе і ў бок эскапізму, ствараючы рэальнасць, дзе не трэба думаць, аналізаваць, дзейнічаць.

Што са сэнсам? Ці ёсць у Мінску праекты з культурна-адукацыйнай складовай дзяржаўных інстытуцый? Канешне, ёсць. У інстаграме рэгулярна з’яўляецца рэклама лекцый, семінараў, кінопаказаў з абмеркаваннямі. Часам за гэтым патокам складана сачыць і зразумець, перад намі ўстойлівы праект або разавая спроба вырабіць інтэлектуальны прадукт. Хто гэтыя лектары, якія інстытуцыі за імі стаяць і якія іх мэты?

Часцей за ўсё адукацыйны кантэнт сёння існуе ў шматфункцыянальных прасторах, якія сумяшчаюць лекцыі, канцэрты і діджэй-сэты: старая «Пясочніца», Accidental Point, новае Echo і іншыя. Гэтыя месцы фарміруюць адчуванне насычанага культурнага жыцця, дзе веды становяцца часткай дасугу.

Open-шкаф. Фота: сацсеткі ініцыятывы.

Accidental Point — бадай, самае значнае месца ў Мінску цяпер, з разнастайным кантэнтам як музычным, так і лектарскім. Яно папулярнае ў тым ліку і таму, што ўваход на мерапрыемствы тут часта свабодны — рэдкі выпадак даступнасці ў гэтай сферы.

Праект Mooon+ прапануе іншы сцэнар: кіно, лекцыі, дыскусіі, прыгожая і камфортная зала, можа, і келіх віна, і адчуванне датычнасці да закрытага кола.

Падобнае адчуванне ствараюць курсы альтэрнатыўнай адукацыі «Факультатыў», дзе веды падаюцца як досвед абранасці і самапаглыблення.

Выключэннем з гэтага элітарнага свету з’яўляецца, бадай, новы «Цэнтр беларускай драматургіі».

У цэлым існуе вялікая колькасць праектаў, у якіх складана вызначыць кампетэнтнасць экспертаў (Camera Obscura або “Букпросвет”, Six_stars_space і гэтак далей), бо адзін і той жа эксперт можа чытаць лекцыі, напрыклад, пра СДВГ і філасофію, або коўч НЛП падае матэрыял пра кагнітыўныя скажэнні.

Бар “Рукі ўверх”. Фота: yandex.com/maps.
Бар “Рукі ўверх”. Фота: yandex.com/maps.

Цудоўна, калі інтэлектуальны адукацыйны прадукт можа быць даступны мінчанам\кам, упісаны, так бы мовіць, у яго\яе паўсядзённасць, і ты можаш знайсці і падабраць сабе тое, што хочаш. Аднак большасць гэтага адукацыйнага кантэнту загорнутая ў эстэтычную і статусную абалонку. Кошт адной лекцыі — каля 10 еўра і вышэй — ператварае веды ў форму культурнага люксу, доступ да якога павышае сацыяльны і сімвалічны капітал. Тут важная не столькі працягласць працэсу або намаганне, колькі сам факт удзелу, прысутнасці, прыналежнасці да «асэнсаванай» супольнасці.

Можна сказаць, што веды тут разглядаюцца як нешта эксклюзіўнае, як цяжкі люкс у модзе, і, далучыўшыся да гэтага клуба, ты павышаеш свой статус і брэнд. Курсы, лекцыі і інтэнсівы абяцаюць «глыбіню» без намаганняў, досведу і канфлікту, прапаноўваючы замест гэтага структураваныя інсайты, матывацыйныя наратывы і эстэтычна аформлены кантэнт. Гэты маркетынгавы прадукт — супермаркет самаўдасканалення — лёгка інтэгруецца ў асабісты брэнд.

У сучасным свеце культу поспеху і спажывання індывід мысліцца як прадпрымальнік самога сябе: яму трэба быць бачным, цікавым, рэфлексіўным і пастаянна развівацца. Адсюль веды падаюцца як эстэтычна аформлены і статусны прадукт, а не як працэс, які патрабуе часу і намаганняў. Складанасць для аўдыторыі ў пошуку адукацыйнага кантэнту ў гэтай сітуацыі заключаецца ў тым, што знешнія маркеры якасці — візуальная падача, харызма лектара, ясныя абяцанні выніку і пазітыўны тон — падмяняюць змястоўныя крытэрыі ведаў. Ствараецца ілюзія глыбіні. І ў гэтых умовах уяўнай глыбіні аўдыторыі ўсё цяжэй адрозніць крытычнае мысленне ад яго імітацыі, а працэс навучання — ад матывацыйнага спажывання.

Фрагмент экспазіцыі “Арт-Мінск”. Фота: архіў Reform.news.

Такім чынам, зварот да ідэалізаванага мінулага і дамінаванне візуальнага ствараюць камфортнае, эстэтычна прывабнае асяроддзе, у якім сэнс саступае месца настрою і эфекту. Рэтратопія працуе як форма эскапізму, прапаноўваючы бяспечную альтэрнатыву сучаснасці, дзе не патрабуецца ні аналізу, ні дзеяння.

Недзяржаўны адукацыйны кантэнт убудоўваецца ў гэтую ж логіку, прапаноўваючы веды як статусны і візуальна аформлены прадукт самаўдасканалення. Глыбіня тут не пражываецца, а дэманструецца — праз удзел, прысутнасць і прыналежнасць да «клуба асэнсаваных». У выніку крытычнае мысленне падмяняецца яго імітацыяй, а адукацыя ператвараецца ў элемент асабістага брэнда. Фарміруецца ландшафт, які выглядае насычаным, але ўсё часцей пазбягае рэальнага інтэлектуальнага напружання і трансфармацыі — ён бяспечны.

Лекцыя ў “Арт-фабрыцы”. Фота: сацсеткі інстытуцыі.

Рэпрадукцыя

Невыпадкова менавіта ў гэтай камфортнай, эстэтычна аформленай і бесканфліктнай гарадской прасторы настолькі прыкметным становіцца перавага кавер-гуртоў над аўтарскімі праектамі.

Клубныя пляцоўкі кшталту TNT ROCK CLUB або Beer &Wine рэгулярна перапоўненыя, а іх музычная праграма ў значнай ступені складаецца з узнаўляльных, ужо знаёмых форм — кавераў самых розных жанраў, ад сінці-попу да цяжкіх. Кавер-музыка ў гэтым кантэксце працуе як культурная стратэгія бяспекі: яна апелюе да пазнавальнага, не патрабуе інтэрпрэтацыі і выключае рызыку — як мастацкую, так і сацыяльную. Ва ўмовах горада, дзе канфліктнасць і выказванне абмежаваныя, рэпрадукцыя аказваецца пераважнейшай за аўтарства, а паўтор — надзейнейшым за эксперымент. Такім чынам, дамінаванне кавер-гуртоў можна разглядаць не толькі як эканамічны выбар або этап прафесійнага станаўлення музыкаў, але і як сімптом больш шырокай культурнай логікі, у якой цэніцца прадказальнасць, пазнавальнасць і адсутнасць напружання.

Прастора Accidental Point. Фота: Instagram інстытуцыі.

Тым не менш у Мінску з’явіліся новыя гурты, удзельнікам\цам якіх часам да 21 года, і часцей за ўсё яны выступаюць у Beer&Wine. Тут таксама праходзяць сінтэтычныя мерапрыемствы з адначасовым паказам мастацкіх работ і музыкі. На такіх івентах ёсць адчуванне, што ты трапіў у асобную невялікую супольнасць, дзе ўсе адно аднаго ведаюць і жывуць паралельным жыццём, і падобных гуртоў шмат. Ствараецца ўражанне, што гэтаму пакаленню маладых людзей дастаткова быць такімі, якія яны ёсць, і проста дзяліцца сваімі захапленнямі з публікай. Тут важная не бездакорная пазнавальнасць, а сам факт выказвання і сумеснай прысутнасці. Гэта не пратэст і не альтэрнатыва ў поўным сэнсе слова, а хутчэй мікравыключэнне, ціхая форма культурнага разыходжання з дамінуючай логікай рэпрадуктыўнай сцэны.

Напрыканцы хачу яшчэ раз нагадаць, што гэты тэкст — гэта спроба апісаць у аналітычным ключы бачны і не забаронены ландшафт культурнай сцэны Мінска, свядома пазбягаючы дзяржаўных інстытуцый і пляцовак (за выключэннем сферы мастацтва, бо на дадзены момант менавіта яны дамінуюць).

Вечар у Mooon. Фота: сацсеткі кінатэатра.

Такім чынам, культурны ландшафт Мінска сёння выбудоўваецца вакол стратэгій бяспекі, пазнавальнасці і эстэтычнага камфорту, у якіх візуальнасць, рэтратопія і рэпрадукцыя аказваюцца найбольш устойлівымі формамі культурнага існавання.

За вонкавай насычанасцю падзей, прастораў і ініцыятыў усё часцей хаваецца адмова ад рызыкі, канфлікту і працяглага досведу — таго, што традыцыйна фарміравала культуру як прастору трансфармацыі. Рэтратопія, уяўная глыбіня і рэпрадукцыя працуюць як узаемазвязаныя рэжымы эскапізму: яны прапануюць мінулае без траўм, веды без намаганняў і творчасць без выказвання.

Аднак унутры гэтай бесканфліктнай нават бачнай сцэны працягваюць узнікаць далікатныя формы паралельнага існавання — лакальныя супольнасці, сітуацыйныя творчыя жэсты прысутнасці. Яны не разрываюць дамінуючую логіку, але паказваюць, што культурнае жыццё горада не знікла, а толькі зрушылася ў зоны слабай бачнасці. Менавіта ў гэтых прамежках паміж паўторам і выказваннем, камфортам і напружаннем сёння і разгортваецца пытанне пра тое, ці магчыма ў Мінску культура як досвед, а не толькі як форма.

***

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!