Міліцыя Брэстчыны апублікавала відэа са школьнікам, які сярод ночы віртуозна ўзломвае замок на дзвярах вэйп-шопа і за некалькі хвілін забірае тавар з вітрын. Экіпіроўка — шалік на твар, пальчаткі, ліхтарык. Шкода — больш за 4500 беларускіх рублёў. Паводле слоў хлопчыка, на крадзеж яго натхнілі замежныя баевікі, «у якіх злачынныя дзеянні падаваліся як смелыя і беспакараныя», – паведамляе ведамства.
Міліцыя версію падхапіла і цяпер раіць бацькам сачыць за тым, што глядзяць дзеці. Праўда, узломваць дзвярныя замкі ў баевіках не вучаць — якім спосабам хлопчык пранік у краму, з паведамлення УУС застаецца незразумелым.
Выкрадзены тавар падлетак распрадаў аднагодкам і знаёмым, а атрыманыя грошы патраціў на свае патрэбы. Матэрыялы пайшлі ў камісію па справах непаўналетніх Пінскага гарвыканкама.