Делси Родригес. Фото: facebook.com/delcyrodriguezv
Віцэ-прэзідэнт Венесуэлы Дэлсі Радрыгес знаходзіцца ў Расіі. Пра гэта піша Reuters са спасылкай на чатыры крыніцы, знаёмыя з яе перамяшчэннямі.
Паводле звестак трох крыніц, брат Дэлсі Радрыгес — Хорхе Радрыгес, які ўзначальвае Нацыянальную асамблею Венесуэлы, застаецца ў Каракасе, піша агенцтва.
Сёння Дэлсі Радрыгес выступіла з аўдыёзваротам на дзяржаўным тэлебачанні, у якім заклікала прадставіць доказы таго, што Мадура і ягоная жонка Сілія жывыя. Хорхе Радрыгес з моманту атакі публічна не з’яўляўся.
Нагадаем, сёння ЗША правялі шырокамаштабную аперацыю супраць Венесуэлы і яе лідара, прэзідэнта Нікаласа Мадуры. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Мадура разам з жонкай «былі захопленыя і вывезеныя з краіны».
Генеральны пракурор ЗША Памела Бонды заявіла, што Нікаласу Мадуру і ягонай жонцы Сіліі Флорэс былі прад’яўленыя абвінавачанні ў Паўднёвай акрузе Нью-Ёрка. Паводле яе слоў, Мадуру абвінавачваюць у змове з мэтай наркатэрарызму, змове з мэтай імпарту какаіну, незаконным валоданні кулямётамі і разбуральнымі прыладамі, а таксама ў змове з мэтай валодання кулямётамі і разбуральнымі прыладамі супраць ЗША.