Вальфовіч адчытаўся Лукашэнку аб праверцы баявой гатоўнасці войскаў

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч сёння адчытаўся перад Аляксандрам Лукашэнкам аб праверцы баявой гатоўнасці Узброеных сіл, распачатай у студзені. Днямі актыўна асвятлялася прывядзенне ў гатоўнасць механізаванага злучэння.

Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, Вальфовіч далажыў аб асаблівасцях і прамежкавых выніках праверкі, пра тое, як правяраемае падраздзяленне спраўляецца з пастаўленымі задачамі.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на пытаннях выкарыстання досведу сучасных ваенных канфліктаў з улікам беларускіх лясіста-балотных умоў, цікавіўся бытавымі ўмовамі асабовага складу, наяўнасцю абмундзіравання.

Як распавёў Вальфовіч, Лукашэнку цікавілі галоўныя крытэрыі любой ваеннай арганізацыі — людзі і тэхніка, як штабы падрыхтаваны да высвятлення атрыманых задач, прыняцця рашэнняў.

“Калі афіцэр падрыхтаваны да атрымання і вырашэння задачы, то і асабовы склад выканае яе ў любым выпадку. Ад навучанасці афіцэраў залежыць многае”, — патлумачыў Вальфовіч.

“Мы робім упор на тое, як укаранёны ў пытанні баявой падрыхтоўкі досвед спецыяльнай ваеннай аперацыі, якія формы і спосабы. Напрыклад, марш-кідок здзяйсняецца малымі групамі. Як сёння вядуць баявыя дзеянні? Малымі штурмавымі групамі. Калі раней марш-кідок здзяйснялі ротамі або батальёнамі, то цяпер на полі бою перамяшчаюцца невялікімі групамі”, — працягнуў ён.

Паводле яго слоў, падчас кантрольных заняткаў улічваецца ўменне асабовага складу дзейнічаць малымі групамі — тройкамі або пяцёркамі.

“У нас жа лясіста-балотная мясцовасць. І ў правяраемай вайсковай частцы на палігоне абсталявана вучэбнае месца для навучання асабовага складу дзеянням у лясіста-балотнай мясцовасці. У лесе ўсталяваны мішэні, зроблены ўкрыцці, выкапаны капаніры… У гэтых умовах асабовы склад выконвае агнявыя задачы. Баявымі патронамі, а не імітацыяй”, — дадаў ён.

Правяраецца здольнасць вайскоўцаў выяўляць беспілотнікі.

“Як з дапамогай стралковай зброі можна нанесці агнявое паражэнне квадракоптару або іншаму лятальнаму сродку — на гэтыя рэчы таксама звернута ўвага. Правяраецца ўменне асабовага складу супрацьстаяць іншым сучасным сродкам паражэння”, — дадаў ён.

Вальфовіч паведаміў, што па выніках праверкі будзе праведзены разбор яе вынікаў з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, а вынікі лягуць у аснову падрыхтоўкі і навучання асабовага складу.

Праверка працягнецца да вясны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!