У МУС расказалі падрабязнасці смяротнага ДТЗ у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці, у якім загінулі тры чалавекі. Паводле інфармацыі ведамства, вадзіцель мікрааўтобуса неаднаразова прыцягваўся да адказнасці за грубыя парушэнні ПДР.
Нагадаем, раніцай 14 лістапада на дарозе Р-43 21-гадовы вадзіцель мікрааўтобуса Mercedes, задзейнічанага ў перавозках маркетплейса, выехаў на сустрэчную паласу і лоб у лоб сутыкнуўся з аўтапоездам. У выніку аварыі абодва вадзіцелі і 19-гадовая пасажырка мікрааўтобуса загінулі на месцы.
У МУС паведамілі, што ў дачыненні да вадзіцеля мікрааўтобуса раней была вынесеная пастанова аб пазбаўленні вадзіцельскіх правоў. Яна павінна была набыць моц 24 лістапада. Адзначаецца таксама, што вадзіцель аўтапоезда не быў прышпілены рамянём бяспекі.
“Дэталі трагедыі ўказваюць на сістэмнае грэбаванне базавымі нормамі бяспекі. Папярэдне, прычынамі здарэння маглі стаць парушэнне рэжыму працы і адпачынку, тэхнічны стан транспартнага сродку і перавышэнне хуткасці”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе.
У МУС таксама паведамілі новыя падрабязнасці аварыі, якая адбылася 13 лістапада ў Гомельскай вобласці з удзелам маршруткі. Адной з спадарожных прычын сутыкнення называецца парушэнне рэжыму працы і адпачынку вадзіцелем грузавіка.
Нагадаем, у Жыткавіцкім раёне на трасе М-10 сутыкнуліся грузавік Iveco і маршрутны мікрааўтобус, які ехаў з Мінска ў Петрыкаў. У маршрутцы знаходзіліся 13 чалавек. Пасля аварыі 10 чалавек, у тым ліку 3 дзяцей, даставілі ў бальніцу для абследавання.
ДАІ мае намер праінфармаваць аб сітуацыі органы дзяржаўнага кантролю дарожнага руху. Сумесна з Транспартнай інспекцыяй і іншымі ведамствамі плануецца ўзмацніць кантроль за выкананнем перавозчыкамі патрабаванняў заканадаўства ў сферы бяспекі дарожнага руху.