Беларускі стрыт-артыст Міхась Мішук вырашыў далучыцца да Венецыянскай біенале — у горадзе на выспах з’явіліся яго фірмовыя графіці — вадалазы.
Сваю акцыю Міхась называе неафіцыйнай інтэрвенцыяй беларускага стрыт-мастацтва на венецыянскі форум.

«Я прыехаў літаральна на пару дзён, каб паклеіць вадалазаў, — пракаментаваў ён Reform.news сваё з’яўленне ў Італіі. — Гэта мая персанальная «паралельная праграма» падчас біенале, спроба зрабіць выказванне па-за інстытутамі і вярнуць мастацтва напрасткі ў прастору гораду».
Фірмовы вобраз вадалаза, распрацаваны беларускім стрыт-мастаком, сёння можа ўбачыць у шматлікіх краінах свету. Добра ведаюць яго жыхары Варшавы. Цяпер вадалазы «прыйшлі» і ў славуты горад мастацтва на выспах.

«У Венецыі вадалазы інтэграваныя ў гарадскі ландшафт як часовыя постаці людзей, якія жывуць паміж рознымі краінамі, мовамі і ідэнтычнасцямі, — Міхась нагадвае пра канцэпцыю сваёй працы. — Гэтыя персанажы — людзі ў футарале — сімвалізуюць розныя чалавечыя гісторыі, аб’яднаныя вопытам страты дома, эміграцыі, уразлівасці і пошуку свайго месца».
Важна адзначыць, што для Венецыі творца распрацаваў адмысловую выяву: вадалаза разам з крылатым ільвом — сімвалам горада.

«Я зрабіў калабу, так сказаць, каб быть трошку больш зразумелым мясцоваму гледачу», — прызнаецца ён.
Зараз у Венецыі можна сустрэць 36 графіці Міхася Мішука — як «класічных» вадалазаў, так і разам з крылатым ільвом.
«Хацелася больш, але не хапіла сіл», — адзначыў мастак і дадаў, што цяпер у яго планах стварэнне мапы горада з месцамі, дзе можна знайсці яго графіці.

Беларускі праект на Венецыянскай біенале Міхасю паглядзець не ўдалося.
«У мяне была іншая мэта, — адказвае творца, нагадваючы пра спецыфіку сваёй мастацкай практыкі. — Але ўначы праходзіў міма беларускай выставы і, так бы мовіць, перадаў ёй прывітанне».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram