Усё ідзе да таго, што мы павінны сустрэцца з Трампам — Лукашэнка

Галоўнае
Фото: president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка разлічвае на сустрэчу з Дональдам Трампам і «вялікую здзелку» са зняццем усіх амерыканскіх санкцый. Паводле яго слоў, усё да гэтага ідзе.

«З амерыканцамі вядзём вельмі цяжкі дыялог», — заявіў Лукашэнка. Ён дадаў, што працэс працягнецца пасля вяртання Валянціна Рыбакова ў ЗША. Лукашэнка назваў яго сваім прадстаўніком.

«Ужо просяць, давайце будзем планаваць далейшыя сустрэчы, далейшыя размовы. Усё ідзе, як яны сказалі, да вялікай здзелкі. Любяць яны гэтае слова, я яго не вельмі. Усё ідзе да таго, што мы павінны з Трампам сустрэцца і дамовіцца. З іх боку яны гарантуць зняцце ўсіх санкцый.

Яны разумеюць, што чаго нас ці Расію ганьбіць па гэтым долары. Ну вы ж хочаце захаваць долар як рэзервавую валюту? Хочаце. Ну дык навошта вы гэта творыце? Трамп гэта разумее. Як эканаміст. Хаця і бізнесмен ён добры. Таму праўда на нашым баку, і час усё расставіць на свае месцы», — заявіў Лукашэнка.

Нагадаем, пасля візіту Джона Коўла ён заяўляў, што чакае тэлефонных перамоваў з Трампам па Венесуэле.

Паводле слоў Лукашэнкі, на перамовах з ЗША абмяркоўваецца шырокае кола пытанняў, але па дамоўленасці з амерыканскім бокам падрабязнасці не разгалошваюцца.

Сярод абмяркоўваемых пытанняў — аднаўленне працы амерыканскай амбасады ў Мінску. Бакі пакуль не могуць дамовіцца пра ахову амбасады і пра штат, распавёў Лукашэнка.

«Тое, пра што мы не дамовіліся, — пра колькасць. Яны кажуць: вось, тут марскія пехацінцы, у нас парадак такі, ахоўваць амбасаду павінны нашы. Я кажу: дзякуй, не трэба. У нас Кубракоў забяспечыць усякую ахову лепш за марскіх. Трэба — Церцеля падключым, Хрэніна, але марскія пехацінцы амерыканскія нам не патрэбныя. Думаюць», — распавёў Лукашэнка.

«Далей яны паставілі пытанне, а можам мы наняць там з вашых супрацоўнікаў, каб з Амерыкі не везці. Церцель [кіраўнік КДБ Іван Церцель — заўв. Reform.news] прысутнічаў на гэтай сустрэчы. Я кажу: вось Іван вам дасць колькасць нашых, якіх вы можаце наняць», — заявіў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што амерыканская амбасада не павінна стаць «рассаднікам заразы».

«Мы ўжо гэтага хлебанулі ў 2020 годзе. …Мы не пяройдзем на тое, каб дапусціць яшчэ некалькі памылак і паўтарыць не дай бог 2020 год», — падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле слоў Лукашэнкі, Беларусь не хоча, каб ЗША былі праціўнікамі і ворагамі.

«У нас курс адзін — наладзіць з імі адносіны», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што Беларусь будуе адносіны з ЗША «ні ў якім разе не за кошт іншых краін». Лукашэнка заявіў, што Уладзімір Пуцін разумее пазіцыю Мінска па гэтым пытанні.

«Мы не за кошт Расіі. Мы, наадварот. Пройдзе час, я раскажу», — паабяцаў Лукашэнка.

Лукашэнка таксама заявіў, што прапанаваў ЗША набыць Нежынскі ГАК, распавёў пра забойства апазіцыянера пры затрыманні і пра размяшчэнне ў Беларусі «Арэшніка», а таксама закрануў іншыя тэмы — ад туалетнай паперы да маршрутак.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны