Урад прыняў пастанову аб высечцы кустоў пад ЛЭП

Савет міністраў Беларусі прыняў пастанову аб высечцы кустоў пад ЛЭП. Гэта назвалі мерапрыемствам па павышэнні надзейнасці электразабеспячэння. Дакумент прыняты ў выкананне распараджэння Лукашэнкі.

Пастановай зацверджана Палажэнне аб парадку кампенсацыі часткі затрат на правядзенне мерапрыемстваў па выдаленні драўняна-хмызняковай расліннасці і Палажэнне аб парадку камісійнага спісання выдаленай драўняна-хмызняковай расліннасці.

Як патлумачылі ў прэс-службе ўрада, выдаленне драўняна-хмызняковай расліннасці будзе фінансавацца за кошт кошту яе рэалізацыі. У асобных выпадках частка затрат не будзе кампенсаваная ў поўным аб’ёме коштам выдаленай расліннасці з-за нізкай якасці такой расліннасці і пры адсутнасці магчымасці яе вывазу для наступнага выкарыстання. Яна будзе кампенсавацца аблэнерга юрыдычным асобам, якія вядуць лясную гаспадарку. Магчымасць камісійнага спісання ўстанаўліваецца пры адсутнасці пад’язных шляхоў для лесанарыхтоўчай тэхнікі альбо наяўнасці іншых абставінаў, якія перашкаджаюць вывазу выдаленай расліннасці.

Адзначаецца, што на паветраных лініях электраперадачы з пашыранымі прасекамі колькасць аварыйных адключэнняў у сярэднім у 9 разоў ніжэйшая, чым з непашыранымі прасекамі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!