Фото: пресс-служба правительства Молдовы
Урад Малдовы пачынае працэдуру канчатковага выхаду краіны з СНД. Раней Малдова выйшла з шэрагу пагадненняў, заключаных у межах Садружнасці. Цяпер жа ўрад краіны ініцыюе дэнансацыю Пагаднення аб стварэнні СНД, якое было падпісана ў Мінску ў 1991 годзе, а таксама пратакола да яго ад 1993 года.
“Гэта рашэнне прынята ў кантэксце невыканання Расійскай Федэрацыяй асноўных каштоўнасцяў і прынцыпаў Садружнасці, у межах якой дзяржавы прызнаюць і паважаюць тэрытарыяльную цэласнасць адна адной і недатыкальнасць межаў.
Расійская Федэрацыя рэгулярна парушала гэтыя прынцыпы — акт агрэсіі супраць Грузіі, жорсткая вайна супраць Украіны, акупацыя і анексія тэрыторый гэтых краін, незаконнае размяшчэнне расійскіх войскаў на тэрыторыі Рэспублікі Малдова. Гэтыя дзеянні падарвалі ролю СНД як арганізацыі, прызначанай падтрымліваць мір і стабільнасць у рэгіёне.
У той жа час гэта рашэнне адлюстроўвае новыя стратэгічныя напрамкі і прыярытэты Рэспублікі Малдова як дзяржавы-кандыдата на ўступленне ў Еўрапейскі саюз”, — гаворыцца ў заяве ўрада.
У ёй таксама адзначаецца, што выхад з устаўных органаў СНД дазволіць зэканоміць 3,1 млн леяў членскіх узносаў (каля 180 тыс. долараў па бягучым курсе). Ва ўрадзе падкрэслілі, што выхад з СНД практычна не закране свабоднае перамяшчэнне грамадзян Малдовы, бо яно рэгулюецца ў асноўным двухбаковымі адносінамі. Таксама выхад з устаўных пагадненняў не паўплывае на пагадненні ў межах СНД, якія прыносяць краіне эканамічныя выгоды.
“Рэспубліка Малдова працягне прымяняць карысныя дамовы, у тым ліку ў сферы гандлю, да таго часу, пакуль яны служаць эканамічным інтарэсам дзяржавы”, — гаворыцца ў заяве.
Паводле інфармацыі ўрада, Малдова ўжо дэнансавала 71 дагавор з 283, заключаных у межах СНД. Скасаванне яшчэ 60 знаходзіцца на разглядзе.