Уначы беспілотнікі заляталі ў Эстонію

Уначы некалькі беспілотнікаў заляталі ў паветраную прастору Эстоніі. Верагодна, гэта былі ўкраінскія дроны, якія атакавалі аб’екты ў Ленінградскай вобласці РФ.

“Украіна наносіць удары па ваеннай інфраструктуры Расіі і інфраструктуры, якая забяспечвае вядзенне вайны, а Расія спрабуе адбіваць гэтыя атакі, у тым ліку збіваючы ўкраінскія дроны з курсу з дапамогай розных сродкаў. З вялікай верагоднасцю, сёння ўначы мы мелі справу менавіта са збітымі з курсу ўкраінскімі дронамі.

Сёння некалькі дронаў таксама трапілі на тэрыторыю Эстоніі. Яны былі выяўлены як радыёлакацыйнымі станцыямі, так і знішчальнікамі”, – заявіў ERR начальнік аддзела стратэгічных камунікацый Сіл абароны Эстоніі палкоўнік Уку Арольд.

Беспілотнікі не збівалі, і інфармацыі пра іх падзенне на тэрыторыі Эстоніі няма.

Украінскія сілы атакуюць парты ў Ленінградскай вобласці ўжо на працягу тыдня. Сёння раніцай губернатар Ленінградскай вобласці Аляксандр Драздзенка заявіў, што над рэгіёнам было ліквідавана 38 беспілотнікаў.

Паводле яго слоў, ёсць пашкоджанні ў порце Усць-Луга. У пасёлку Маладцова Кіраўскага раёна ў выніку падзення абломкаў БПЛА пашкоджана шкленне ў трох жылых дамах (усяго да 30 кватэр), двух кабінетах сярэдняй школы і будынку Цэнтра сацабароны, які знаходзіцца на капітальным рамонце.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!