Украіна выйшла з 23 дамоваў з Беларуссю

25 сакавіка ўрад Украіны спыніў дзеянне 116 міжнародных дамоваў, якія Украіна ў розны час заключыла з Беларуссю і Расіяй, а таксама ў рамках СНД, паведамляе МЗС Украіны.

Украіна спыніла дзеянне 25 дамоваў, дэнансавала 3 і выйшла з 88. З іх 23 дамовы з Беларуссю, 5 — з Расіяй, 87 — у рамках СНД, а таксама адна трохбаковая дамова паміж Украінай, Беларуссю і РФ.

«Сёння Украіна зрабіла яшчэ адзін маштабны крок на гэтым шляху. Разрываем апошнія сувязі з так званым “СНД”. Маё цвёрдае перакананне: дагаворна-прававая база Украіны павінна адпавядаць рэаліям вайны і новай архітэктуры бяспекі на еўрапейскім кантыненце. Для гэтага неабходна разарваць апошнія юрыдычныя сувязі, якія калісьці злучалі нас з РФ, Беларуссю, так званым “СНД”. Гэта складаны і комплексны юрыдычны працэс, які патрабуе паслядоўнай прапрацоўкі, і мы сістэмна выконваем гэтую працу», — заявіў міністр замежных спраў Украіны Андрэй Сібіга.

Сібіга падкрэсліў, што Украіна павінна пазбаўляцца ад сувязяў з дзяржавай-агрэсарам.

«Гэта мая прынцыповая пазіцыя як міністра — пазбаўляцца ад усяго, што можа аслабляць Украіну, адразаць усё, што калісьці звязвала нас з дзяржавай-агрэсарам, будаваць сур’ёзную, стратэгічную і доўгатэрміновую лінію абароны свабоднага свету на ўсходняй мяжы Украіны, а лепш — яшчэ далей за ёй», — заявіў кіраўнік украінскага МЗС.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!