Украіна «са шкадаваннем» даведалася пра выдачу Буцягіна Расіі

МЗС Украіны адрэагаваў на выдачу расійскага археолага Аляксандра Буцягіна з Польшчы ў Расію. З заявы вынікае, што Украіна не ведала пра рашэнне Польшчы.

«Украіна са шкадаваннем даведалася пра тое, што, насуперак папярэдняму цалкам справядліваму рашэнню польскага суда, грамадзянін Расіі, які абгрунтавана падазраецца ў здзяйсненні злачынства на тэрыторыі Украіны — у прыватнасці, у вывазе культурных каштоўнасцей з Крыма, — усё ж не быў экстрадаваны ва Украіну», — гаворыцца ў заяве ўкраінскага МЗС.

Украінскі бок лічыць, што Расія выкарыстоўвае гэты эпізод для «апраўдання акупацыі Крыма і эксплуатацыі часова акупаванай украінскай тэрыторыі расійскімі грамадзянамі».

«Украіна паслядоўна настойвае на прыцягненні да рэальнай юрыдычнай адказнасці ўсіх расійскіх суб’ектаў, якія працуюць на акупацыю і вайну. У дачыненні да гэтай справы Буцягіна і іншых падобных сітуацый Украіна працягне прымяняць адпаведныя юрыдычныя механізмы, а таксама будзе працаваць у юрысдыкцыях краін-партнёраў», — гаворыцца ў заяве.

Расійскага археолага Буцягіна затрымалі ў Польшчы па запыце Украіны ў снежні 2025 года. Ён займаўся раскопкамі ў Крыме. Пасля акупацыі паўвострава Расіяй у 2014 годзе ён працягваў раскопкі без дазволу ўкраінскіх уладаў. Украіна абвінавачвае яго ў незаконных раскопках і крадзяжы гістарычных артэфактаў. Украіна дамагалася ад Польшчы экстрадыцыі гісторыка. 18 сакавіка Варшаўскі акруговы суд прызнаў правамернасць выдачы Буцягіна Украіне. 28 красавіка Польшча перадала яго Расіі ў рамках абмену «5 на 5», у ходзе якога быў вызвалены ў тым ліку журналіст Анджэй Пачобут.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!