Украіна паразіла расійскі малы ракетны карабель «Нара-Фамінск»

Служба бяспекі Украіны пацвердзіла паражэнне порта Усць-Луга, а таксама малога ракетнага карабля «Нара-Фамінск».

Як заяўляе СБУ, украінскія беспілотнікі ўдарылі па тэрмінале «Наватэк-Усць-Луга» ў ноч на 11 лістапада, паразілі інфраструктурныя аб’екты і некалькі рэзервуараў аб’ёмам па 30 тысяч тон. На тэрмінале пачаўся пажар. Таксама зафіксаваныя ўзгаранні на тэрмінале «Фактар» і на чыгуначнай станцыі Лужская.

«Асноўныя пашкоджанні прыйшліся на рэзервуарныя паркі, помпавыя станцыі, трубаправоды і інфраструктуру перавалкі нафты і нафтапрадуктаў. На аб’ектах працягваюцца пажарна-выратавальныя работы», — паведамляе СБУ.

Таксама правяраецца інфармацыя пра знішчэнне расійскіх баявых верталётаў. Некалькі расійскіх тэлеграм-каналаў паведамлялі пра страту трох верталётаў падчас атакі на Усць-Лугу.

СБУ таксама заявіла пра паражэнне малога ракетнага карабля «Нара-Фамінск» — носьбіта крылатых ракет «Калібр» і «Онікс».

«Нара-Фамінск» — малы ракетны карабель праекта «Буян-М». Ён быў спушчаны на ваду ў 2022 годзе і ўвайшоў у склад Балтыйскага флоту РФ у снежні 2023 года.