Украіна можа аднавіць працу нафтаправода “Дружба” сёння – Bloomberg

Украіна чакае аднаўлення паставак нафты па трубаправодзе «Дружба» ўжо ў аўторак, што адкрые шлях для разблакавання Еўрапейскім саюзам надзвычай неабходнага крэдыту для Кіева ў памеры 90 мільярдаў еўра, паведамляе Bloomberg са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле слоў інфармаваных крыніц, якія пажадалі застацца ананімнымі, у аўторак запланаваныя тэхнічныя выпрабаванні трубаправода, які забяспечваў Венгрыю і Славакію да таго, як быў пашкоджаны ў выніку расійскага ўдару ў студзені.

***

Пастаўкі расійскай нафты ў Венгрыю і Славакію праз тэрыторыю Украіны па нафтаправодзе “Дружба” спыніліся ў канцы студзеня. Кіеў заявіў, што нафтаправод быў пашкоджаны ўдарам расійскага дрона. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі тады заявіў, што да аднаўлення працы “Дружбы” можа прайсці некалькі тыдняў.

Венгрыя і Славакія абвінавацілі Кіеў у зацягванні рамонту і выкарыстанні пашкоджанняў у якасці падставы для спынення перапампоўкі нафты. З-за гэтай спрэчкі прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан заблакаваў 20-ты санкцыйны пакет супраць Расіі і наклаў вета на выдзяленне крэдыту ЕС для Украіны ў памеры 90 млрд еўра.

Партыя Орбана па выніках парламенцкіх выбараў, якія прайшлі 12 красавіка, пацярпела паражэнне, а большасць месцаў у парламенце атрымала партыя “Ціса” Петэра Мадзьяра. Ён ужо паабяцаў, што не будзе блакаваць выдзяленне крэдыту Украіне. “Я ўпэўнены, што мы будзем супрацоўнічаць з Венгрыяй. У нас добрыя адносіны паміж людзьмі, і мы павінны іх захоўваць і дапамагаць адзін аднаму, бо мы суседзі”, – пракаментаваў выбары Зяленскі.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!