Пасланнікі прэзідэнта ЗША Стыў Уіткаф і Джарэд Кушнер маглі паехаць у Кіеў праз Беларусь. Такі маршрут быў прапрацаваны, аднак у выніку яны выбралі варыянт прыехаць у Кіеў на цягніку, як гэта раней рабіла большасць лідараў, якія наведвалі ўкраінскую сталіцу падчас вайны. Пра гэта расказаў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
Паводле слоў Зяленскага, спачатку разглядаўся варыянт прылёту амерыканцаў у кіеўскія аэрапорты Барыспаль або Жуляны. Аднак для гэтага спатрэбіліся б гарантыі РФ.
“Украіна была гатовая прымаць амерыканскі самалёт, можна было карыстацца і Барыспалем, і Жулянамі. Расія ўдарыла і па паласе ў Жулянах, і ў Барыспалі, але ўсё тэхнічна працавала. Пытанне – ці дае гэты бяспечны калідор Расія”, – сказаў ён, перадае РБК-Украіна.
У якасці альтэрнатывы быў прапрацаваны маршрут праз Беларусь. Уіткаф і Кушнер павінны былі прыляцець у нашу краіну, а далей ехаць па зямлі праз Гомель.
“Была магчымасць прыляцець у Беларусь, ехаць з Гомеля, Служба бяспекі ўсё прапрацавала, але яны выбралі шлях на цягніку”, – адзначыў ён.
Прэзідэнт Украіны таксама не выключыў, што наступным разам пасланнікі могуць прыляцець на самалёце.
“Я думаю, наступным разам можна паспрабаваць на самалёце. Калі яны не хочуць выкарыстоўваць амерыканскі самалёт, яны могуць прыляцець у Польшчу, і мой самалёт можа іх даставіць”, – сказаў ён.
