Андрей Демченко. Скриншот видео
Апошнія дронавыя ўдары Расіі па захадзе Украіны забяспечваліся праз рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта заявіў кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дземчанка.
«Мы бачым, што Беларусь не спыняе падтрымліваць краіну-тэрарыстку, паколькі нават гэтыя паветраныя ўдары, якія датычыліся Ровенскай, Валынскай і Львоўскай абласцей, — усё гэта таксама забяспечвалася фактычна з тэрыторыі Беларусі, паколькі паветраныя сродкі, якія запускала Расія, яны падсілкоўваліся сігналам таксама праз рэтранслятары, якія знаходзіліся менавіта на тэрыторыі гэтай краіны», — заявіў Дземчанка.
Кіраўнік ДПСУ адзначыў, што Украіна па-ранейшаму не фіксуе нарошчвання ўдарных груповак у Беларусі на мяжы з Украінай, але ў цэлым пагроза захоўваецца.
«У цэлым пагроза з боку Беларусі па-ранейшаму захоўваецца. І не толькі такімі дэманстратыўнымі дзеяннямі, нават ваеннымі і гэтак далей, але Беларусь, зноў жа, забяспечвае магчымасць для Расіі наносіць удары па нашай тэрыторыі», — сказаў Дземчанка.
Нагадаем, у чэрвені прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень для таго, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Украіна знішчыць іх сама. Праз некалькі дзён Зяленскі заявіў, што рэтранслятары былі выключаныя. 30 чэрвеня галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што Беларусь уключала адзін рэтранслятар, але больш гэтага рабіць не будзе.
У сярэдзіне ліпеня дарадца міністра абароны Украіны Сяргей «Флэш» Бяскростнаў дапусціў, што Расія можа працягваць час ад часу выкарыстоўваць рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі для накіравання ўдарных беспілотнікаў.
На мінулым тыдні начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Алег Івашчанка заявіў, што рэтранслятары ў Беларусі аднавілі працу.