Кіраўнік ГУР заявіў пра аднаўленне працы рэтранслятараў у Беларусі

Расія зноў выкарыстоўвае размешчаныя ў Беларусі рэтранслятары для перадачы відэасігналаў і забеспячэння сувязі з беспілотнікамі. Пра гэта начальнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны Алег Івашчанка заявіў у інтэрв’ю The Times.

Паводле слоў Івашчанкі, расійскія вайскоўцы выкарыстоўваюць уздоўж мяжы з Украінай сетку вышак і рэтранслятараў, якая дазваляе перадаваць відэасігналы.

«Гэтыя рэтранслятары знаходзяцца ўздоўж мяжы, і мы выявілі шэсць з іх на тэрыторыі Беларусі», – заявіў кіраўнік ГУР.

«Яны на некаторы час спынілі іх разгортванне, але цяпер мы бачым, што некаторыя рэтранслятары зноў працуюць. У нас ёсць дастатковыя магчымасці, каб справіцца з гэтым», — дадаў ён.

Нагадаем, 19 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі даў Аляксандру Лукашэнку тыдзень для таго, каб адключыць рэтранслятары для расійскіх дронаў, папярэдзіўшы, што ў адваротным выпадку Украіна знішчыць іх сама. Пасля гэтага ўкраінскі лідар заявіў, што рэтранслятары былі выключаны 22 чэрвеня. 30 чэрвеня галоўнакамандуючы УСУ Аляксандр Сырскі заявіў, што Беларусь уключала адзін рэтранслятар, але больш гэтага рабіць не будзе.

У сярэдзіне ліпеня дарадца міністра абароны Украіны Сяргей «Флэш» Бяскростнаў дапусціў, што Расія можа працягваць час ад часу выкарыстоўваць рэтранслятары на тэрыторыі Беларусі для накіравання ўдарных беспілотнікаў.

Івашчанка таксама адзначыў, што ўкраінская разведка валодае інфармацыяй пра фарміраванне ў Беларусі новай паветрана-дэсантнай брыгады прыкладна за 40 км ад украінскай мяжы, але непасрэднай пагрозы наземнага наступлення з боку Беларусі ў найбліжэйшы час, паводле яго ацэнкі, няма.

Паводле ацэнкі ўкраінскага боку, Расія пры захаванні цяперашніх тэмпаў ваенных і эканамічных страт можа вычарпаць рэсурсы для працягу вайны да 2028 года.

«У Расіі хопіць ваенных і эканамічных рэсурсаў на наступны год, але, паводле нашых ацэнак, яны вычарпаюцца да 2028 года», — заявіў Івашчанка.

🔥 Падтрымайце Reform.news донатам!